BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Перадвыбарчыя дэбаты ў Каардынацыйную Раду на Радыё Рацыя

Размова і дыскусія з кандыдатамі ў Каардынацыйную Раду. Выбары пачнуцца 25 траўня і будуць трываць тры дні.

Сённяшнія ўдзельнікі: прадстаўнік аб’яднання «Наша справа» спіс №4 Віталь Рымашэўскі (праз тэлефон); прадстаўніца спісу №6 «Голас дыяспар – адзінства па-над межамі» Надзея Нортан (праз тэлефон); прадстаўнік спісу №8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава» Сяргей Стальмакоў (у студыі).

Віталь Рымашэўскі: Я прэзентую каманду «Наша справа», яе ўзначальвае эксперт міжнародных стасункаў Роза Турарбекава, былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У спіс уваходзяць розныя людзі, гэта і былая кіраўнічка медычнай службы Палка Каліноўскага Анастасія Махамет, якая зараз знаходзіцца ва Украіне і ваюе. Гэта і выкладчыкі, і студэнты. Самыя розныя людзі, якія сёння раскіданыя па розных краінах. І самае галоўнае з чым мы ідзем у КР – НЕ жалезнай заслоне паміж беларускім народам і Еўрапейскім звязам. Мы будзем дамагацца, каб гэтая жалезная заслона, якая сёння апускаецца, каб яна не зачыняла дзверы для беларусаў, якія не нясуць адказнасць за рэпрэсіі. Больш візаў для беларусаў. Магчымасць вандраваць, вучыцца, працаваць у краінах еўрапейскага звязу. Ну а тым беларусам, якія сёння знаходзяцца ў эміграцыі – спрашчэнне легалізацыі. Бо сёння мы маем велізарныя праблемы. І першы крок, які мы ўжо зрабілі, – распачалі збор подпісаў пад зваротам да польскага ўраду, у падтрымку нашых просьбаў. Так што далучайцеся. І другі пункт нашай праграмы – падтрымка добраахвотнікаў, людзей, якія ваююць, або пасля раненняў дэмабілізаваліся. Рабіць Тут і Цяпер для Беларусі і Беларусаў – гэта асноўны падыход «Нашай справы».

Надзея Нортан: Я прадстаўляю спіс №6 «Голас дыяспар – адзінства па-над межамі». Мы аб’ядналі ў нашай камандзе лідараў і актывістаў беларускіх дыяспар і грамадзянскіх супольнасцяў з розных куткоў свету. Мы маем актывістаў, якія шмат гадоў займаюцца справамі дыяспаральных суполак – прадстаўляюць і выражаюць праблемы беларусаў у дыяспарах на розных узроўнях. У нашай камандзе таксама праваабаронцы правоў чалавека і гендэрнай роўнасці, маладыя актывісты, якія пасля вымушанай эміграцыі здолелі збудаваць новыя беларускія суполкі ў сваіх краінах і гарадах. Мы аб’ядноўваем беларусаў дыяспар, каб голас беларусаў моцна гучаў на міжнародным узроўні, і імкнемся, каб думкі беларусаў унутры краіны былі пачутыя на ўвесь свет. Нашыя каштоўнасці – гэта незалежнасць Беларусі, беларуская мова, культура і гісторыя, правы чалавека, свабода, дэмакратыя і салідарнасць. І два асноўных пасылы, на якіх мы канцэнтруемся, – гэта стварэнне моцнай дыяспары па ўсім свеце, каб у яе была магчымасць мець свой гучны голас і прамаўляць, трымаць беларускую павестку ў тых краінах, дзе мы жывем. А нашая каманда расцярушылася па ўсім свеце і жыве ажно ў сямі краінах. І, канешне, правы чалавека. То бок, мы імкнемся да таго, каб вярнуць беларусам права голаса, галасаваць і быць абранымі на сапраўдных выбарах. Беларусы павінны мець права і магчымасць удзельнічаць у палітыцы і дзяржаўных справах. І мы ўпэўнены, што ўсталяванне дэмакратыі немагчыма ў Беларусі без абмежавання ўлады, павагі фундаментальных правоў чалавека, усталявання вяршэнства права і роўнасці, уключаючы ліквідацыю ўсіх формай дыскрымінацыі жанчын.

Сяргей Стальмакоў: Я прадстаўляю спіс №8 «Блок Пракоп’ева і Ягорава». Мы таксама ўяўляем сур’ёзна раскіданую, па 15 краінах, каманду. У нас ёсць сябры каманды ад Паўночнай Амерыкі, да Паўднёва-Усходняй Азіі. Вялікі набор спецыялістаў у розных галінах – ад сацыялогіі, да адукацыі і спорту. У нашай камандзе ёсць байцы, якія ваявалі ва Украіне за свабоду Украіны, і ў тым ліку за рэабілітацыю беларусаў у вачах украінскага народа. Наша задача – стварыць моцную, уплывовую дыяспару, якая б стала суб’ектнай на міжнароднай арэне. Заклікаем усіх беларусаў, якія могуць вольна выражаць сваю думку, свой выбар, далучыцца да выбараў 25-27 траўня і прагаласаваць за спіс №8.

Цалкам дыскусія:

Беларускае Радыё Рацыя