- Найміты «Вагнера» ахоўваюць паліва, якое перамяшчаецца з Беларусі ў Расею
- Замах на Роберта Фіцо: што чакае Славакію?
- Фінляндыя: спрэчны закон аб абароне межаў
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы

У выніку сістэматычных і паспяховых нападаў украінскіх беспілотнікаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы Масква сутыкнулася з дэфіцытам паліва і звярнулася па дапамогу да Беларусі. «Паводле звестак Цэнтра нацыянальнага супраціву Украіны (ЦНР), Менск цяпер актыўна нарошчвае пастаўкі паліва ў Расею», – перадае ўкраінская газета The Kyiv Post.
«Гэтае сцвярджэнне пацвярджаецца мясцовымі паведамленнямі пра тое, што на беларускіх НПЗ назіраецца ўсплёск вытворчасці авіяцыйнага паліва, якое пастаўляецца ў Расею чыгуначным транспартам. Паводле звестак CNR, для забеспячэння бяспекі грузаў задзейнічаны байцы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» разам з ахоўным батальёнам МУС Расеі. Рэжым Лукашэнкі ня ў стане пакрыць расейскі дэфіцыт, і гэта толькі спосаб залатаць дзіркі. Атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы і сховішчы ў Расеі ўзмацніліся, паколькі кіеўскі спецназ выконвае стратэгію, накіраваную на тое, каб пазбавіць маскоўскія войскі неабходных паставак паліва. Як паведамляе Bloomberg са спасылкай на выведвальную дырэкцыю Пентагона, у пачатку гэтага года ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па энергетычнай інфраструктуры Расеі вывелі з ладу 14% нафтаперапрацоўчых магутнасцяў краіны. Страта гэтай магутнасці прывяла да 20-30-адсоткавага росту ўнутраных цэнаў на паліва ў Расеі да сярэдзіны сакавіка, і Крэмль увёў забарону на экспарт паліва, каб задаволіць унутраны попыт», – перадае ўкраінскае выданне.
Жыццё прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіцо, які нядаўна стаў ахвярай замаху, знаходзіцца па-за небяспекай. Тым не менш, атмасфера ў краіне застаецца напружанай. Міністр унутраных спраў Славакіі Матуш Шутай заклікаў палітыкаў, СМІ і грамадскасць спыніць пладзіць «нянавісць да таго ці іншага палітычнага лагера». Зузана Чапутава, якая пакідае прэзідэнцкую пасаду, вядомая сваімі праеўрапейскімі поглядамі, і яе пераемнік на пасадзе кіраўніка дзяржавы Петэр Пелегрыні, які ўваходзіць у лагер Фіцо, збіраліся было сумесна правесці сустрэчу з лідарамі палітычных партый краіны – аднак такая не адбылася. «Славакія знаходзіцца на ростанях», – адзначае цюрыхская Blick.
«Стрэлы ў прэмʼер-міністра могуць прывесці да таго, што прыхільнікі Фіцо стануць яшчэ больш радыкальнымі ў дачыненні да іншых партый, будуць браць яшчэ больш хабараў, пойдуць на яшчэ большае збліжэнне з Расеяй – і ўжо напэўна ўзмоцняць сваю вайну супраць СМІ. У той жа самы час застаецца надзея на тое, што Славакія ўспрыме гэты замах як знак для пачатку новай палітычнай эры. У славацкай палітыкі зараз зʼявіўся шанец на дынаміку ў бок большай сумленнасці – замест таго каб і далей успрымаць карупцыю і хлусню на дзяржаўным узроўні як нейкі закон прыроды, з якім нічога і зрабіць нельга. Не выключана, што гэты замах адкрыў некаторым палітыкам вочы на рэальнасць. Магчыма, у будучыні яны ўпадабаюць два разы падумаць, перш чым набіць кішэню бюджэтнымі грашыма», – адзначае швейцарскае выданне.
Фінляндыя мае намер прыняць закон, які дазваляе адмаўляць у прыняцці ўцекачам прама на мяжы. Адпаведны законапраект прадставіў у аўторак правакансерватыўны ўрад краіны. Фінляндыя ўжо закрыла большую частку памежных пераходаў – пасля таго як Расея прапусціла праз сваю мяжу з Фінляндыяй некалькі сотняў мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі, якія не маюць на руках патрэбных дакументаў на ўезд. Фінская Iltalehti спадзяецца на тое, што дэпутаты прагаласуюць за гэты законапраект.
«Законапраект мае свае заганы, гэтак жа, як гэта было і ў выпадку папярэдніх рашэнняў датычна закрыцця ўсходняй мяжы для суіскальнікаў палітычнага прытулку. Аднак нельга забываць, па якой менавіта прычыне неабходна прыняць такі закон, які дазваляе не дапускаць мігрантаў у краіну. Закон ужываўся б толькі ў тым выпадку, калі арганізаванае прыбыццё мігрантаў да мяжы прымала б празмерныя маштабы. Размова тут ідзе не аб праекце закона, які б рэгуляваў усю палітыку краіны ў дачыненні да бежанцаў, але аб бяспецы краіны. Таму было б пажадана, каб законапраект быў падтрыманы дастатковай большасцю ў парламенце. Калі ж парламентарыі адхіляць яго, то гэта пашле зусім непатрэбны сігнал Расеі», – піша фінскае выданне.
Высокі суд у Вялікабрытаніі не ўбачыў дастатковых гарантый таго, што ў выпадку экстрадыцыі ў ЗША і правядзення там судовага працэсу Джуліян Асанж зможа спаслацца на свабоду слова. ЗША маюць намер прыцягнуць Асанжа да адказнасці за публікацыю сакрэтных дакументаў. Заснавальнік WikiLeaks зараз можа зноў абскардзіць у Вялікабрытаніі рашэнне аб сваёй экстрадыцыі. «За кулісамі нешта адбываецца», – заўважае міланская Corriere della Sera.
«Напрыканцы сакавіка газета Wall Street Journal паведаміла аб пагадненні, падпісаным з міністэрствам юстыцыі ЗША – пагадненні, якое дазволіць вызваліць Асанжа і пазбавіць адміністрацыю Байдэна ад неабходнасці займацца гэтай вельмі непрыемнай справай. Згодна з гэтым пагадненнем заснавальнік WikiLeaks павінен будзе прызнаць сябе вінаватым па менш сурʼёзным абвінавачанні, а менавіта – у неналежным абыходжанні з сакрэтнай інфармацыяй. Асанж можа зрабіць гэта там, дзе знаходзіцца зараз, не ступаючы на амерыканскую зямлю. Тэрмін турэмнага зняволення ў Лондане (пяць гадоў) у такім выпадку быў бы залічаны пры вынясенні прысуду ў Злучаных Штатах. Гэта дазволіла б актывісту пакінуць сцены турмы, не баючыся паўторнага арышт», – адзначае італьянскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






