BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Перамога каласальная здарылася ў 2020, ніхто яе не чакаў”

“Найбольшыя перамены адбыліся ў свядомасці беларусаў, якія зараз не толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а нацыя,” — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч. Былы кандыдат у прэзідэнты прыняў удзел ў дэбатах, якія прайшлі 31 верасня ў Тыкоціне. Тэмай размовы была “Беларусь сёння — пагрозы Імперыялістычнай Расеі”.

У час дыскусіі Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу на важныя працэсы, якія паступова ўплываюць на змены ў Беларусі:

-Здавалася б, калі я больш за 30 гадоў дысідэнтам на Беларусі, мяне і ветэранам называюць, і слушна, то я павінен быць больш песімістычным. Вось столькі змагаліся-змагаліся і недазмагаліся. А я наадварот думаю, што тыя людзі, якія прайшлі гэты час барацьбы, яны калі аб’ектыўныя, а не толькі эмацыйныя, то яны разумеюць, што дасягненні велізарныя. У нас скончыўся Савецкі Саюз, таксама нечакана ён разваліўся за адну ноч. Шушкевіч быў ініцыятарам, гэта ён зрабіў развал Савецкага Саюза з калегамі. Але пасля гэтага ж усё роўна савецкія людзі застаюцца. Саветызацыя ўплывала на ўсе краіны. Расейцы пайшлі практычна ў фашызм. Гэта фашысцкі настрой зараз. Не трэба баяцца гэтага слова. І вось гэтая нянавісць да суседзяў, ксенафобія, пачуццё абранасці вельмі шкодзіць расейцам. У беларусаў цяжкасць была ў сваёй ідэнтычнасці. Многія баяліся незалежнасці, таму што Беларусь выхавана была ў тым, што яна залежыць ад усяго. Ішлі гады і ўсе кажуць, ну дзе ж тая перамога? І людзей забівалі, у 1999, 2000 знікалі апаненты Лукашэнкі, і зараз знікаюць людзі. Іх у турмах столькі. Дзе ж тая перамога?

А я хачу сказаць, што ў нас перамога каласальная здарылася ў 2020 годзе, ніхто з нас не чакаў. Як развал СССР не чакалі, так не чакалі і гэтага. Што здарылася ў 2020 годзе? Была заўсёды меншасць прабеларуская, праеўрапейская. І раптам у 2020 годзе большасць нечакана для нас усіх стала праеўрапейскай і прабеларускай. Чаму я кажу праеўрапейскай? Таму што тыя, хто выходзіў, яны не крычалі: дайце заробак, нам цяжка жыць! Яны казалі пра свабоду, пра праўду, пра выбары, на якіх можна вызначыць самім будучыню сваю і сваіх дзяцей. Гэта фундамент, на чым Еўропа аб’ядналася. І вось калі гэта ўлічыш, то аптымізму не можа не быць. Гэта ва ўмовах дыктатуры пастаяннай, рэпрэсій, хлусні, прапаганды. Але ўсё роўна, за намі большасць. Самае галоўнае, што ў галовах людзей. Яны будуць вызначаць лёс Беларусі. Калі мы разумныя, калі мы аб’яднаныя, калі ў нас ёсць ідэя нацыянальная, мы хочам адраджэння Беларусі і паволі ісці ў Еўропу, бо на Усход ужо немагчыма ісці, бо там будзе канец Беларусі. Бог так зрабіў, што большасць беларусаў сталі нацыяй, народам, а да гэтага мы ў большасці былі жыхары Рэспублікі Беларусь.

Дыскусія ў Тыкоціне прайшла ў рамках Фестывалю “Крэсы — Безкрэсы”.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя