8 верасня 1514 года адбылася бітва пад Воршай, падчас якой супольнае войска Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Каралеўства Польскага перамагло войска Княства Маскоўскага.

Як паўплывала гэтая бітва на жыццё Еўропы распавядае гісторык Аляксей Мядзьведзь:
– Гэтая бітва, па-першае, вызначыла знешне-палітычны вектар развіцця адносінаў Масковіі з краінамі Заходняй Еўропы. Яна фактычна стала пачаткам канца траістага саюза: Левонскай канфедэрацыі, Святой Рымскай Імперыі і Маскоўскага княства.
Гісторык упэўнены, што перамога пад Воршай змяніла накіраванасць на еўрапейскія традыцыі:
– Гэта такі водападзел паміж Усходам і Захадам. То бок ужо прайшла нябачная мяжа. Мы былі бліжэй да заходніх краін, бо мы бліжэй у ментальных адносінах. І яшчэ важна, што гэта была рэвалюцыйная бітва адносна ваеннай дактрыны і ваеннага мастацтва. Ужо тады ўзмацнілася роля пехоты ў змаганні з цяжкой конніцай.
Беларусы па ўсім свеце адзначаюць 8 верасня як Дзень Беларускай Вайсковай славы.
Узгадваюць Бітву пад Воршай не толькі беларусы, але і ўкраінцы, і палякі, і літоўцы, якія выпускаюць да гэтага дня паштовыя маркі, манеты і іншую сувенірную прадукцыю.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






