BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Першая ластаўка прыляцела. Што далей?

На днях дэпутаты расейскага парламента ў першым чытанні прынялі праект закона, згодна з якім для выпускнікоў медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў бюджэтнай формы навучання ўводзіцца абавязковая адпрацоўка тэрмінам на тры гады. Чакаецца, што законапраект павінен уступіць у сілу з першага сакавіка наступнага года. З гэтай нагоды ў сеціве ўзняўся велізарны шум, узрушаныя студэнты і дзеючыя медыкі запісваюць відэаролікі, аналізуючы падзею, прадказваюць розныя негатыўныя наступствы, ажно да апусцення аўдыторый медыцынскіх ВНУ. Розныя спікеры робяць прагнозы, уступіць у сілу закон ці яго з-за недавольства людзей адменяць?

У такой сітуацыі я адказваю – глядзіце на Беларусь і рабіце высновы.

Пасля развалу Савецкага Саюза выпускнікі беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў пазбавіліся ад размеркавання, усім, незалежна ад формы навучання, гарантавалася свабоднае працаўладкаванне. Аднак такая вольніца працягвалася нядоўга, пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі дзесьці ў 1996-1997-ым годзе размеркаванне вярнулася. Тады такая мера падавалася як клопат аб выпускніках. “Маладыя людзі без вопыту, таму працадаўцы не хочуць іх браць. Атрымлівацца зачараванае кола: без вопыту не бяруць на працу, а без працы дзе ўзяць патрэбны вопыт? Таму трэба маладым спецыялістам гарантаваць першае працоўнае месца”, — так гаварылася з усіх высокіх трыбун.

І пайшлі маладыя спецыялісты па гарадах і весях. Найбольш – па весях, асабліва па далёкіх, па самай глыбінцы.

Канечне, людзі ўзрушаліся, абураліся, пісалі лісты, выступалі ў друку, аднак усё было марна, улады нахабна гнулі сваю лінію, ламаючы волю пратэстоўцаў.

У Расеі ў гэтыя ж дзесяцігоддзі сітуацыя складвалася па-іншаму. З аднаго боку, нафта- і газадалярамі заліваліся ўсе праблемы, набывалася новае, найперш імпартнае абсталяванне, укараняліся новыя тэхналогіі. З другога – скарачаліся ўсе галіны эканомікі, акрамя здабываючай прамысловасці, адпаведна – змяншалася патрэба ў спецыялістах.

За апошнія гады сітуацыя карэнным чынам памянялася. Санкцыі, хоць гэта і не прызнаецца афіцыйна, дзейнічаюць, значна зменшыўся доступ да перадавых імпартных тэхналогій і абсталявання, аказалася, што трэба развіваць уласную эканоміку, узнікла патрэба ў спецыялістах розных сфер. І гэтая патрэба з кожным месяцам расце.

На вышэйшым узроўні прызнаны недахоп медыкаў, асабліва ў правінцыях. Таму расейскія ўлады не прыдумалі нічога іншага, як успомніць савецкі вопыт, які, да таго ж, актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі.

Упэўнены, што пратэсты будуць праігнараваны, як, дарэчы былі праігнараваны пратэсты супраць падвышэння пенсійнага ўзросту, фальсіфікацыі выбараў, і закон будзе прыняты, выпускнікі медВНУ паедуць у глыбінку, а найбольш няўдачлівыя – на вайну ва Украіне.

А потым гэты досвед будзе перанесены на выпускнікоў іншых спецыяльнасцяў.

Рыгор Скамарох