Першыя падраздзяленні вайскоўцаў КНДР, якія прайшлі навучанне на расейскіх палігонах, ужо знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў расейска-ўкраінскай вайны, паведамляе unian.net.

Як паведамляюць у Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны, учора іх заўважылі ў Курскай вобласці.
Паводле ацэнак разведчыкаў, усяго ў Расею перакінулі каля 12 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Сярод іх – 500 афіцэраў і тры пхеньянскія генералы: “Салдат камплектуюць амуніцыяй, ложкам, зімовым адзеннем і абуткам, а таксама гігіенай. У прыватнасці, кожнаму паўночнаму карэйцу Масква, згодна з устаноўленымі нормамі, штомесяц будзе выдзяляць 50 метраў туалетнай паперы і 300 грам мыла”.
Замежных вайскоўцаў рыхтуюць да вайны на пяці палігонах – “Баранаўскі” (Усурыйск), “Донгуз” (Улан-Удэ), “Кацярынаслаўскі” (Кацярыслаўка), 248-ы (Князэ-Валконскае) і 249-ы (Сяргееўка). На падрыхтоўку даецца некалькі тыдняў.
Уладзімір Пуцін не абвергнуў інфармацыю аб знаходжанні салдат Паўночнай Карэі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.
Падчас прэс-канферэнцыі па выніках саміту БРІКС яго папрасілі пракаментаваць фатаграфіі, якія сведчаць аб знаходжанні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расеі, а таксама спыталі, ці не прывядзе гэта да эскалацыі.
Пуцін у адказ сказаў, што здымкі “рэч сур’ёзная”: “Калі ёсць здымкі, значыць яны нешта адлюстроўваюць. Хачу звярнуць вашу ўвагу, што не дзеянні Расеі прывялі да эскалацыі ва Украіне, а дзяржпераварот 2014 года, падтрыманы перш за ўсё ЗША”.
Таксама ён нагадаў, што сёння Дзяржаўная дума РФ ратыфікавала дамову аб стратэгічным партнёрстве з Паўночнай Карэяй, 4 артыкул якога абвяшчае, што ў выпадку вайны яны абавязаны аказваць адзін аднаму ваенную дапамогу “ўсімі наяўнымі ў распараджэнні сродкамі”.






