Дональд Трамп, які заступіў на пасаду прэзідэнта ЗША, падпісаў першыя ўказы. Сярод іх адмена 78 рашэнняў, прынятых пры Джо Байдэну, піша svaboda.org.

Свае першыя ўказы Трамп падпісаў на стадыёне Capital One Arena, дзе сабраліся тысячы ягоных прыхільнікаў, каб адсвяткаваць інаўгурацыйны парад.
Для пачатку новы прэзідэнт адмяніў 78 рашэнняў свайго папярэдніка Джо Байдэна. Адным з іх стаў указ, які звужаў прыярытэты дэпартацыі да людзей, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы або затрыманых на мяжы. Гэта вяртае палітыку, якая дзейнічала ў першы тэрмін Трамп, паводле якой усе, хто знаходзіцца ў ЗША нелегальна, становяцца прыярытэтнымі для дэпартацыі, адзначае «Голас Амэрыкі».
Таксама Трамп падпісаў указы аб выхадзе ЗША з Парыжскай кліматычнай дамовы і аб перадухіленні «дзяржаўнай цэнзуры». Пасля гэтага ён кінуў у натоўп маркеры, якімі падпісваў дакументы.
Пасля некалькіх гадзін святкавання прэзідэнт Дональд Трамп упершыню з 2021 году ўвайшоў у Авальны кабінэт Белага дома. Там ён падпісаў цэлую серыю ўказаў. Сярод іх – памілаванне амаль 1500 чалавек, абвінавачаных ва ўдзеле ў беспарадках 6 студзеня 2021 году ў Капітоліі.
«Гэтыя людзі – закладнікі», – заявіў Трамп.
Таксама новы прэзідэнт ЗША падпісаў указ аб часовым прыпыненні ўсіх праграм дапамогі ЗША іншым краінам, уключаючы Украіну, на 90 дзён. Будзе праведзеная праверка для вызначэння таго, ці адпавядае наданне дапамогі палітычным мэтам новай адміністрацыі.
«Ніякая далейшая замежная дапамога Злучаных Штатаў не будзе аказвацца такім чынам, каб гэта не адпавядала ў поўнай меры замежнай палітыцы прэзідэнта Злучаных Штатаў», – падкрэсліў Трамп.
Акрамя таго, Трамп распарадзіўся:
- выйсці з Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) за памылкі пры рэагаванні на пандэмію COVID-19;
- аднавіць смяротнае пакаранне на федэральным узроўні;
- адкласці ўступленне ў сілу забароны TikTok на 75 дзён;
- перайменаваць Мексіканскую затоку ў Амерыканскую.