Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы «рашуча аспрэчыла» абвінавачванні ў смерці мігранта, знойдзенага 22 кастрычніка ў памежным Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці, паведамляе партал onet.pl. Паводле прэс-сакратара ведамства Януша Сеймея, на гэтым участку «не было выпадкаў перасячэння мяжы або якіх-небудзь падзеяў, звязаных з актыўнасцю мігрантаў», пры гэтым «ва ўказаны час узрасла актыўнасць беларускіх службаў у гэтым раёне». У Памежнай ахове Польшчы onet.pl адмовілі ў камэнтары на гэтую тэму.

23 кастрычніка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што напярэдадні ўвечары ў Камянецкім раёне «паблізу польскага плота» знайшлі цела «ўцекача з Банглядэш». У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі абвінавацілі ўлады Польшчы ў тым, што яны «маюць намер афіцыйна адмяніць правы на прытулак, у рэчаіснасці ўжо пазбавілі ўцекачоў права на жыццё». Польская міграцыйная палітыка, сцвярджае беларускае ведамства «са студзеня забіла шэсьць уцекачоў».






