BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча дэкляруе маштабнае ўмацаванне абароназдольнасці

Фота: NurPhoto

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск расказаў пра планы па радыкальным узмацненні польскага войска.

Дональд Туск 7 сакавіка выступіў у Сейме Польшчы з дакладам пра міжнародную сітуацыю і бяспеку Польшчы. Прэм’ер заклікаў рэзка павялічыць колькасны склад польскай арміі і выйсці з шэрагу міжнародных канвенцый.

Доналд Туск анансаваў маштабную вайсковую рэформу, перадае «TVP». У Польшчы, казаў ён, ёсць несумнеўны кансенсус датычна нацыянальнай бяспекі, але цяпер у Еўропе і Злучаных Штатах, а таксама ў Польшчы «ўсе часцей гучаць галасы пра тое, што гэты кансенсус можа быць парушаны» – паводле яго, гучаць галасы, якія ў кантэксце расейска-ўкраінскай вайны схіляюцца да Пуціна і расейскага наратыву.

З боку ЗША ён адзначыў «глыбокую карэкцыю палітыкі» адносна вайны ва Украіне. Заўважыў, што ЗША як незалежная краіна мае права і абавязак самастойна фармаваць сваю замежную палітыку, але і Польшча мае права і абавязак дзеіць у сваіх інтарэсах. Польшча не мяняе сваёй пазіцыі пра неабходнасць супрацаваць з ЗША і NATO.

Поўны выступ Туска ў польскім парламенце:

YouTube player

Што дакладна дэкляраваў Туск:

Абавязковую вайсковую падрыхтоўку для ўсіх дарослых мужчынаў у Польшчы, добраахвотную – для жанчын. Дакладную мадэль гэтай падрыхтоўкі маюць распрацаваць да канца года. Гэта не вяртанне тэрміновай службы ў чыстым выглядзе (з 2009 года ў Польшчы няма абавязковай тэрміновай службы), але гэта мае быць нечым падобным да швайцарскай мадэлі. Пакуль незразумела ці будзе гэта тычыцца беларускіх мігрантаў без польскага грамадзянства.

Павелічэнне польскага войска да 500 тысяч чалавек з улікам рэзервістаў. Цяпер польскае войска налічвае 206 тысяч чалавек.

Вывядзенне выдаткаў на абарону за бюджэтныя абмежаванні і скіраванне часткі грошай з фондаў Еўразвязу на развіццё ваеннай прамысловасці, павелічэнне вайсковых выдаткаў да 5 % валавага ўнутранага прадукту з цяперашніх 4,7 %.

Перагляд удзелу Польшчы ў Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў і Дублінскай канвенцыі аб забароне касетных боезапасаў.

Перамовы з Францыяй аб «ядравым парасоне», якія ўжо пачаліся. Туск хоча, каб Польшча мела голас у пытанні выкарыстання ядравай зброі.

Выкарыстанне сучаснай зброі з улікам украінскага досведу. Туск заклікаў «паглядзець на магчымасці», але не анансаваў канкрэтных закупак ці распрацовак.