BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча не адкрые мяжу з Беларуссю пасля заканчэння вучэнняў «Захад-2025»

Памежныя пункты паміж Польшчай і Беларуссю застануцца закрытымі да далейшага паведамлення. Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, падкрэсліўшы, што галоўным прыярытэтам з’яўляецца бяспека грамадзян.

Фота: Bartolomiej Pietrzyk / Shutterstock.com

«Прынятае рашэнне звязана з расейска-беларускімі манеўрамі “Захад-2025”, але гэта не азначае, што мяжа закрыта выключна на перыяд гэтых вучэнняў. Мы адновім рух толькі тады, калі яна будзе цалкам бяспечнай і гэта пацвердзяць адпаведныя службы», — адзначылі ў міністэрстве.

У ведамстве прызналі, што прыпыненне памежнага руху стварае праблемы для перавозчыкаў, якім цяпер даводзіцца карыстацца альтэрнатыўнымі маршрутамі праз Літву. «Мы зробім усё магчымае, каб гэты перыяд быў як мага менш адчувальным для польскіх прадпрымальнікаў. Памер страт будзе вызначаны пазней, калі стане вядома, як доўга мяжа будзе заставацца закрытай», — дадаюць у заяве.

Міністр унутраных спраў Польшчы Марцін Кярвінскі раней падкрэсліваў, што рашэнне аб закрыцці мяжы прынята не толькі на час вучэнняў «Захад-2025», але і з улікам шырэйшых рызык для бяспекі краіны.

Сёння, 16 верасня, у Беларусі завяршаюцца сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025», якія праходзілі з 12 верасня. Перад іх пачаткам адбылося начное парушэнне польскай мяжы каля 20-ці расейскімі дронамі. Для іх перахопу ўпершыню з пачатку вайны былі паднятыя самалёты НАТА.