Пагадненне аб антыдронавай сістэме SAN падпісана ў Кабылцы пад Варшавай у прысутнасці прэм’ер-міністра Дональда Туска і віцэ-прэм’ера Уладыслава Касіняка-Камыша. Пра гэта паведамляе «Польскае радыё».
Кантракт падпісалі Агенцтва ўзбраенняў і аб’яднанне фірм, што складаецца з Польскай групы ўзбраенняў, фірмы APS і нарвежскай кампаніі Kongs-berg.
«Гэта быў наш страшны сон, калі першыя напады беспілотнікаў паказалі, наколькі неадэкватнымі былі адказы — знішчальнікі, ракеты, каб збіць дроны. SAN дазволіць рэагаваць інакш — танней, разумней і эфектыўней — на паветраныя атакі», – адзначыў польскі прэм’ер.
Уся праграма мае быць завершана цягам двух гадоў. Яе кошт, паводле неафіцыйнай інфармацыі, ацэньваецца амаль на 15 мільярдаў злотых. Мэта сістэмы SAN — дапаўняць супрацьпаветраную абарону Польшчы.
У 2025 годзе Варшава заявіла пра ўзмацненне актыўнасці беспілотнікаў каля мяжы з Беларуссю.






