BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча падпісала з ЗША важную для праграмы “Wisla” дамову

Польшча і Злучаныя Штаты Амерыкі заключаюць пагадненне аб прадастаўленні матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі для амерыканскіх сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot.

Фота Getty Images

Пра гэта падчас брыфінгу паведаміў польскі міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, перадае агенцтва Reuters. Кошт здзелкі складае амаль 2 мільярды даляраў, яна прадугледжвае прадастаўленне кампанентаў тэхнічнай падтрымкі і правядзенне вучэнняў.

У міністэрстве абароны Польшчы паведамілі, што рэалізацыя пагаднення забяспечыць аператыўную гатоўнасць пускавых установак Patriot. Яны з’яўляюцца асновай праграмы СПА “Wisla”, накіраванай на супрацьдзеянне тактычным балістычным ракетам малой далёкасці.

Праграма СПА “Wisla” – гэта польская ініцыятыва па мадэрнізацыі сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны сярэдняй далёкасці.

Як вядома, Польшча актыўна ўзмацняе сваю абароназдольнасць у адказ на вайну ва Украіне і пагрозы з боку Расейскай Федэрацыі.

У гэтым годзе краіна плануе выдаткаваць на абарону 4,7% ад ВУП – гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод чальцоў НАТА. Акрамя таго, Польшча мае намер павялічыць колькасць сваіх узброеных сіл да 500 тысяч вайскоўцаў.