
У 2026-2027 годзе Расея можа здзейсніць напад на Паўночнаатлантычны альянс, краіны-сябры павінны тэрмінова павялічыць свае выдаткі на абарону. Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв’ю CNBC, спасылаючыся на новыя звесткі Нямеччыны. Паводле яго, Пуцін падвойвае тэмпы пераходу да ваеннай эканомікі з мэтай нападу на НАТА, які можа адбыцца ўжо праз некалькі гадоў.
“Калі Расею спыніць ва Украіне, яна больш не нападзе. У нас ёсць два-тры гады, на працягу якіх мы можам павялічыць нашы намаганні, назапасіць боепрыпасы і вырабіць зброю, каб павялічыць еўрапейскую бяспеку, падрыхтавацца і пераканацца, што ўварванне не адбудзецца. Усё гэта трэба рабіць для таго, каб не ўвязвацца ў вайну. Размова ідзе пра тое, каб стварыць такі стрымліваючы фактар, які гарантуе, што на нас не нападуць”, – сказаў польскі лідар.






