Польшча афіцыйна паведаміла ўладам у Менску пра тое, што на сваёй тэрыторыі затрымала грамадзянку Беларусі. Пра гэта перадае БелТА. Яе абвінавачваюць у тым, што яна кіравала беспілотным лятацельным апаратам у зоне, дзе ўстаноўленая забарона на палёты.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі патлумачылі, што гэты інцыдэнт носіць адміністрацыйна-прававы характар. Працэсуальнымі дзеяннямі займаюцца польскія праваахоўныя органы, Беларусь непасрэдна ўмешвацца ў гэты працэс не збіраецца.
У выпадку неабходнасці грамадзянцы Беларусі абяцаюць аказаць консульскую падтрымку.
Нагадаем, што Служба аховы дзяржавы ўчора вечарам нейтралізавала дрон, які лятаў над урадавымі будынкамі ў цэнтры польскай сталіцы. Паводле апошняй інфармацыі паліцыі, па справе былі затрыманыя дзве асобы: 21-гадовы грамадзянін Украіны і 17-гадовая грамадзянка Беларусі.






