Польшча на працягу двух гадоў плануе завяршыць будаўніцтва новай сістэмы антыдронавай абароны ўздоўж усходніх межаў краіны на фоне пагрозы з боку Расеі. Пра гэта заявіў намеснік міністра абароны Польшчы Цэзарый Томчык у інтэрв’ю выданню The Guardian.

Паводле яго слоў, першыя элементы сістэмы могуць быць уведзеныя ў строй ужо праз шэсць месяцаў, а поўнае разгортванне зойме каля 24 месяцаў. Новыя сродкі супрацьпаветранай абароны будуць інтэграваныя ў існуючую лінію ўмацаванняў, узведзеную каля дзесяці гадоў таму, і ўключаць некалькі ўзроўняў абароны — ад кулямётаў і гармат да ракетных комплексаў і сістэм падаўлення дронаў.
Томчык адзначыў, што частка гэтых сродкаў прызначаная выключна для надзвычайных сітуацый або ваеннага часу. У прыватнасці, шматствольныя кулямёты складана выкарыстоўваць у мірных умовах з-за рызыкі пабочных наступстваў.
Неабходнасць узмацнення абароны ўзнікла пасля інцыдэнту ў верасні, калі больш за дзясятак меркаваных расейскіх дронаў уварваліся ў паветраную прастору Польшчы. Гэта прывяло да часовага закрыцця аэрапортаў, узлёту знішчальнікаў і пашкоджанняў будынкаў на зямлі. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі тады заявіў, што гэтыя дзеянні былі спробай Расеі «праверыць Польшчу, не распачынаючы вайну».
Кошт праекта перавысіць 2 млрд еўра. Асноўную частку фінансавання плануецца забяспечыць за кошт еўрапейскіх сродкаў у межах праграмы SAFE (Security Action for Europe), а таксама з дзяржаўнага бюджэту.
Акрамя антыдронавай «сцяны», Польшча працягвае ўмацоўваць сухапутныя межы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ у межах праекта «Усходні шчыт». Плануецца таксама стварэнне спецыяльных лагістычных хабаў у кожнай прыгранічнай гміне для хуткага разгортвання інжынерных сродкаў у выпадку пагрозы.






