Польшча працягвае ціск на рэжым Лукашэнкі для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беларусі, сказаў маршалак польскага Сейму Шыман Галоўня на канферэнцыі ў пытаннях бяспекі GLOBSEC, якая пачалася 30 жніўня ў Празе.

«На дыпламатычным роўні мы робім усё магчымае, каб паслаць Лукашэнку сігналы, што ён мусіць вызваліць палітвязняў, — сказаў Галоўня, адказваючы на пытанне “Свабоды”. — Што калі ён хоча адкрыцця памежных пераходаў, калі ён хоча мець транзітныя калідоры, яму трэба супрацоўнічаць з намі ў гэтым пытанні. Мы спрабуем паказаць, што калі ён ня будзе супрацоўнічаць, дык наступствы для яго, для ягонага рэжыму і для ягонай краіны будуць сапраўды складанымі».
Галоўня назваў «гістарычным» нядаўні візіт прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі ў Польшчу і Ўкраіну. Паводле польскага палітыка, «гэта быў значны сігнал ня толькі для Расеі, але і для Лукашэнкі».
Маршалак польскага Сейму таксама адзначыў, што міграцыйны ціск на польскую мяжу з боку Беларусі істотна знізіўся параўнальна з тым, што было некалькі месяцаў таму ці год таму. Паводле яго, гэта адбылося дзякуючы крокам польскага ўраду.






