BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча стварае ўласную “сцяну дронаў” для абароны паветранай прасторы

Польшча ўжо ў найбліжэйшыя месяцы распачне будаўніцтва ўласнай нацыянальнай сістэмы абароны ад беспілотнікаў — так званай сцяны дронаў. Краіна не чакае агульнаеўрапейскай ініцыятывы і дзейнічае самастойна, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Фота: forsal.pl

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў, што ўрад абвесціць пра інвестыцыі ў праект выяўлення, глушэння і нейтралізацыі варожых беспілотнікаў ужо ў лістападзе. Новая сістэма стане часткай шырэйшай праграмы супрацьпаветранай абароны краіны.

Томчык адзначыў, што Варшава падтрымлівае ідэю стварэння агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі, аднак найперш аддае прыярытэт уласным абаронным праектам. Паводле яго слоў, Польшча разлічвае завяршыць будаўніцтва сістэмы цягам двух гадоў.

Падштурхнуў да паскарэння праекта інцыдэнт у верасні, калі каля дваццаці беспілотнікаў перасеклі польскую тэрыторыю падчас расейскага авіяўдару па Украіне. Гэты выпадак выявіў, што краіна вымушаная выкарыстоўваць дарагія ракеты для знішчэння танных дронаў, таму ўзмацненне антыдронавых магчымасцей стала адным з прыярытэтаў Варшавы.

У будучыні польская сістэма можа стаць часткай агульнаеўрапейскай “сцяны дронаў”, якая павінна ахопліваць усходнюю мяжу ЕЗ.