Польшча збіраецца правесці маштабныя вайсковыя вучэнні на роўні дывізіі ў адказ на беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2025». Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш перад адлётам у ЗША.

Польскі міністр адзначыў, што ўжо даручыў падрыхтаваць першыя за шмат гадоў буйныя вучэнні, у якіх будзе ўдзельнічаць 18-я механізаваная дывізія. Падрабязнасці міністр не раскрыў, але падкрэсліў, што Польшча каардынуе дзеянні з саюзнікамі і гэта будуць найбуйнейшыя вучэнні за апошні час.
Вучэнні «Захад-2025» плануецца правесці ў Беларусі ў верасні. Зусім нядаўна ў Менску Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з міністрам абароны Расеі Андрэем Белавусавым і пацвердзіў гатоўнасць Беларусі да іх правядзення.






