BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Караль Наўроцкі стаў прэзідэнтам Польшчы

У Польшчы 1 чэрвеня прайшоў другі тур выбараў прэзідэнта краіны. Паводле інфармацыі, якую падала Дзяржаўная выбарчая камісія, пасля падліку даных са 100% акруг галасавання, Караль Наўроцкі набраў 10 606 628 галасоў, гэта – 50,89%, а Рафал Тшаскоўскі 10 237 177, што адпаведна – 49,11%. Афіцыяльныя вынікі выбараў пакуль не агалошаны.

Такім чынам новым прэзідэнтам Польшчы становіцца Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае партыя Права і справядлівасць. У сваю чаргу экзіт полы да канца ўчарашняга дня аддавалі перавагу Рафалу Тшаскоўскаму, які ішоў ад Грамадзянскай кааліцыі.

Адметна, што за Наўроцкага больш галасавалі на ўсходзе краіны, а за Тшаскоўскага – на захадзе. У прыватнасці ў Падляшскім ваяводстве за цяперашняга пераможцу падана 61,4% галасоў, а за яго апанента – 38,6%.

***

Згодна з познім апытаннем IPSOS, адбылася змена лідара. Караль Наўроцкі перамагае з мінімальнай перавагай, атрымаўшы 50,7 працэнта, Рафал Тшаскоўскі — 49,3 працэнта.

Караль Наўроцкі. Фота: eurointegration.com.ua

Рафал Тшаскоўскі. Фота: eurotopics.net

Onet апублікаваў дадзеныя першых экзіт-полаў у Польшчы IPSOS: Кароль Наўроцкі атрымлівае 49,7%, а Рафал Тшаскоўскі — 50,3%. Экзіт-пол ад OGB паказвае 50,17% за Тшаскоўскага і 49,83% за Наўроцкага.

Згодна з экзіт-полам у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, Рафал Тшаскоўскі перамог у гарадах, атрымаўшы ад 52,8 да 67,8 працэнта ў залежнасці ад памеру горада. Караль Наўроцкі перамог у сельскай мясцовасці з падтрымкай 63,4 працэнта.

Згодна з апытаннем, праведзеным Ipsos для TVP, TVN24 і Polsat News, Рафал Тшаскоўскі відавочна перамог у гарадах з насельніцтвам больш за 500 тысяч жыхароў, дзе за яго прагаласавала 67,8 працэнта выбаршчыкаў, у той час як 32,2 працэнта прагаласавалі за Караля Наўроцкага. У гарадах з насельніцтвам ад 201 000 да 500 000 чалавек Тшаскоўскі дасягнуў выніку 66,2 працэнта, у параўнанні з 33,8 працэнта Наўроцкага.

Паводле звестак Ipsos, Тшаскоўскі таксама лідзіруе ў меншых гарадах. У гарадах з насельніцтвам ад 51 000 да 200 000 жыхароў кандыдат ад партыі PO атрымаў 59,4%, а кандыдат ад партыі PIS — 40,6%. У гарадах з насельніцтвам да 50 000 жыхароў за Тшаскоўскага прагаласавалі 52,8%, а за Наўроцкага — 47,7%.

Карал Наўроцкі відавочна перамог у сельскай мясцовасці, дзе за яго прагаласавалі 63,4% выбаршчыкаў, а за Рафала Тшаскоўскага — 36,6%.

Крыніца: PAP

***

Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў 2025 года склала 72,8 працэнта — паводле звестак экзіт-полу Ipsos для TVN, TVP і Polsat. Гэта рэкордны паказчык для прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.

***

Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў на 17:00 склала 54,91 працэнта. Найвышэйшая яўка сярод ваяводскіх гарадоў была зафіксавана ў Варшаве (61,45 працэнта). Найніжэйшая — у Гданьску (54,63 працэнта).

***

Дзяржаўная выбарчая камісія агучыла першыя дадзеныя па яўцы. Станам на поўдзень яна склала 24,83%. У Падляшскім ваяводстве яўка ацэньваецца ў 26,22%. Прытым найбольш выбарцаў аддалі свае галасы ў Ломжы і Высокамазавецкім павеце.

Адзначым, што ў першым туры два тыдні таму выбарчая яўка склала 67,31%. Усяго амаль 29 мільёнаў польскіх грамадзян маюць права прагаласаваць сёння за новага кіраўніка дзяржавы. Выбарчыя ўчасткі зачыняцца празь 5 гадзінаў.

***

У нядзелю 1 чэрвеня праходзіць ІІ тур прэзідэнцкіх выбараў, на якіх палякі вырашаць, які кандыдат: Рафал Тшаскоўскі ці Караль Наўроцкі, будзе прэзідэнтам наступныя пяць гадоў. Паводле дадзеных Нацыянальнай выбарчай камісіі, яўка да 12 гадзін склала 24,83 працэнта.

* * *

Дзяржаўная выбарчая камісія падае першыя даныя яўкі на другім туры прэзідэнцкіх выбараў, які сёння праходзіць у Польшчы. Першая прэс-канферэнцыя камісіі пачалася ў 10:00.

“Я звяртаюся да выбаршчыкаў з просьбай загадзя выканаць грамадзянскі абавязак і не чакаць апошняй хвіліны”, – звярнуўся кіраўнік камісіі Сільвестр Марціняк. Як ён дадаў, каб забяспечыць сакрэтнасць галасавання, пасля таго, як картка будзе запоўненая, яе неабходна скласці і кінуць у скрыню.

Паводле яго слоў, камісія не атрымала ніякай інфармацыі аб інцыдэнтах, звязаных з адкрыццём выбарчых участкаў або своечасовым пачаткам галасавання, якія маглі б паўплываць на правільны ход галасавання.

* * *

У нядзелю 1 чэрвеня а 7-й раніцы пачалося галасаванне ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў.

Фота: gliwice.eu

Выбары з’яўляюцца ўсеагульнымі, роўнымі і прамымі, а галасаванне – тайным. Кожны чалавек, які мае права голасу, атрымае адну картку з імёнамі кандыдатаў . Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 7.00 да 21.00. Больш за 29 мільёнаў чалавек маюць права галасаваць на нядзельных прэзідэнцкіх выбарах. Яны пройдуць больш чым у 32 тысячах выбарчых участках у краіне і 511 – за мяжой.

У другім туры за пасаду прэзідэнта змагаюцца двое кандыдатаў, якія набралі найбольш галасоў у І туры. Гэта Рафал Тшаскоўскі – кандыдат Грамадзянскай Кааліцыі і Караль Наўроцкі – грамадзянскі кандыдат, якога падтрымлівае партыя “Права і Справядлівасць”. 

Рэжым перадвыбарчай цішыні ў Польшчы дзейнічае з поўначы з пятніцы на суботу (з 30 на 31 траўня) да 21-й гадзіны нядзелі 01 чэрвеня. Забараняецца публікацыя апытанняў, правядзенне выбарчай кампаніі мітынгаў, сустрэч і г.д, распаўсюджванне ўлётак і вывешванне плакатаў, трансляцыя  агітацыйных выбарчых праграм па радыё, тэлебачанні і ў інтэрнэце. У дзень выбараў можна паведамляць толькі пра яўку, на падставе камунікатаў Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW).

Папярэднія вынікі галасавання, на падставе апытанак exit poll будуць абвешчаныя толькі пасля 21.00 у выбарчую нядзелю, пасля заканчэння галасавання.

Беларускае Радыё Рацыя