Польшча плануе адклікаць згоду на дзейнасць расейскага консульства ў Гданьску. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Радаслав Сікорскі пасля выступлення ў Сейме. Ён нагадаў, што раней у адказ на падпалы ва Уроцлаве і Варшаве былі закрыты консульствы Расеі ў Познані і Кракаве.

«Я тады заявіў, што калі Расея не спыніць свае дыверсійныя атакі супраць Польшчы, мы будзем працягваць адказныя крокі. Расея не толькі не спыніла, але і ўзмацніла гэтыя атакі. Як я сказаў у сваім выступленні, калі мэтай шпіёнскай і дыверсійнай дзейнасці становяцца чалавечыя ахвяры, гэта ўжо не дыверсія, а дзяржаўны тэрарызм. Таму гэта не наш поўны адказ, але я ўжо прыняў рашэнне адклікаць згоду на працу апошняга расейскага консульства ў Гданьску», — падкрэсліў Сікорскі.
Адказваючы на пытанне журналістаў, Сікорскі адзначыў, што Польшча не мае намеру разрываць дыпламатычныя адносіны з Расеяй.
«Мы не плануем разрываць дыпламатычныя кантакты — гэтак жа, як і іншыя краіны не разрываюць іх у выпадку актаў сабатажу або тэрарызму на сваёй тэрыторыі. Нагадаем, што былі напад на прыватны дом прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, дыверсіі ў Германіі, Чэхіі, Балгарыі, а таксама забойствы ў іншых еўрапейскіх краінах. Сёння ўвечары я асабіста абмяркую сітуацыю з Генеральным сакратаром НАТА, а заўтра правяду брыфінг для Рады па замежных справах ЕЗ», — заявіў міністр.
Таксама Сікорскі паведаміў, што МЗС будзе дамагацца далейшых абмежаванняў на перамяшчэнне расейскіх дыпламатаў у Польшчы. Размова ідзе пра патрабаванне атрымліваць дазвол на выезд за межы Мазавецкага ваяводства падчас іх паездак па краіне.






