18 траўня адбудуцца выбары прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Прэзідэнт абіраецца на пяцігадовы тэрмін. Ён можа быць пераабраны толькі адзін раз. Першы тур выбараў прызначаны на 18 траўня, пасля якога стане вядома, ці набраў хто-небудзь з кандыдатаў больш за палову сапраўдных галасоў выбаршчыкаў.

Цяпер, 18 траўня жыхары Польшчы абіраюць паміж 13-ю кандыдатамі.
Калі не, то будзе другі тур – 1 чэрвеня. А на гэтых выбарах выбар робіцца паміж двума кандыдатамі, якія набралі найбольшую колькасць галасоў у першым туры, і той, хто набярэ найбольшую колькасць галасоў, становіцца прэзідэнтам.
Кандыдатам можа быць грамадзянін Польшчы, якому не пазней за дзень да выбараў споўнілася 35 гадоў і які мае поўнае выбарчае права. Кандыдата вылучаюць не менш за 100 тысяч грамадзян. На маючых адбыцца выбарах бяруць удзел 13 кандыдатаў. Менавіта столькі чалавек зарэгістраваў Нацыянальны выбарчы камітэт і было сабрана 100 тысяч падпісаў падтрымкі сярод грамадзян Польшчы.
Кандыдаты: Артур Барташэвіч (эканаміст), Магдалена Беят (кандыдат ад левых), Гжэгаж Браўн (дэпутат Еўрапарламенту, выключаны з Канфедэрацыі), Шымон Галоўня (маршалак Сейму, кандыдат ад Trzecia Droga), Марэк Якубяк (дэпутат фракцыі Свабодных рэспубліканцаў), Мацей Мацяк (лідар Руху за росквіт і мір), Славамір Менцэн (кандыдат ад Канфедэрацыі), Караль Наўроцкі (прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці, кандыдат, які падтрымліваецца ПіС), Ёанна Сянішын (былая дэпутатка СЛД, эканаміст), Кшыштаф Станоўскі (журналіст), Рафал Тшаскоўскі (прэзідэнт Варшавы і кандыдат ад КА), Марэк Вох (кандыдат ад беспартыйнага самакіравання) і Адрыян Зандберг (дэпутат, кандыдат ад партыі Razem).
Выбары з’яўляюцца ўсеагульнымі, роўнымі і прамымі, а галасаванне – тайным. Кожны чалавек, які мае права голасу, атрымае адну картку з імёнамі кандыдатаў у алфавітным парадку. Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 7.00 да 21.00. Рэжым перадвыбарчай цішыні ў Польшчы дзейнічае з поўначы з пятніцы на суботу (з 16 на 17 траўня) да 21-й гадзіны нядзелі 18 траўня. Забараняецца публікацыя апытанняў, правядзенне выбарчай кампаніі мітынгаў, сустрэч і г.д, распаўсюджванне ўлётак і вывешванне плакатаў, трансляцыя агітацыйных выбарчых праграм па радыё, тэлебачанні і ў інтэрнэце. У дзень выбараў можна будзе паведамляць толькі пра яўку, на падставе камунікатаў Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW). Папярэднія вынікі галасавання, на падставе апытанак будуць абвешчаныя толькі пасля 21.00 у выбарчую нядзелю, вядома, пасля заканчэння галасавання.
18 траўня (або ў другім туры 01 чэрвеня) будзе абраны сёмы прэзідэнт ІІІ Рэчы Паспалітай Польшчы, улічваючы пераходнага прэзідэнта паміж ПНР і РП Войцеха Ярузельскага.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя