Пасля трагічнага здарэння ў нямецкім Магдэбургу прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск звярнуўся да прэзідэнта Анджэя Дуды і партыі «Права і справядлівасць». «Чакаю яснай дэкларацыі ад прэзідэнта Дуды і PiS аб падтрымцы ўрадавага пакету, які робіць больш жорсткім візавае заканадаўства і закон аб наданні прытулку», – заявіў Туск.

Як вядома, польскі ўрад прыняў у сераду законапраект, які робіць больш жорсткай візавую сістэму. Цяпер ён пойдзе на разгляд у Сейм. Згодна з праектам, сярод іншага, стане больш жорсткай сістэма выдачы віз для навучання. Змены закрануць, напрыклад, прызнанне сертыфікатаў. Змены будуць датычыцца таксама выдачы дазволаў на працу замежнікам і іх працаўладкавання. Замежніку адмовяць у дазволе на працу, калі знойдуцца сведчанні таго, што заява пададзеная без рэальных намераў і дазвол будзе выкарыстоўвацца не па прызначэньні. Паводле Туска, польская дзяржава аднаўляе кантроль над сваімі межамі і міграцыяй пасля гадоў хаосу і карупцыі.
Нагадаем, у Магдэбургу на калядным кірмашы ў выніку наўмыснага наезду аўтамабіля загінулі чатыры чалавекі, агулам пацярпелі каля 200. Машынай кіраваў 50-гадовы грамадзянін Саудаўскай Аравіі. Ён легальна пражываў у Нямеччыне з 2006 году і працаваў лекарам.