Дысцыплінарны суд пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе Польшчы дазволіў затрымаць і ўзяць пад варту суддзю 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаша Шмідта.
Яго абвінавачваюць у перадачы замежнай выведцы сакрэтных звестак. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Сваім рашэннем суд таксама пастанавіў пазбавіць Шмідта недатыкальнасці. Цяпер праваахоўныя органы могуць абвясціць суддзю ў нацыянальны і міжнародны вышук. Таксама ў польскай пракуратуры паведамілі, што апроч перадачы замежнай выведцы сакрэтных звестак, Шмідта абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзейнасці замежных спецслужбаў, накіраваных супраць Польшчы: «Сабраныя доказы адназначна ўказваюць на тое, што Томаш Шмідт браў удзел у гібрыднай вайне, якую Беларусь і Расейская Федэрацыя вялі супраць Польшчы».
Як паведамлялася, 6 траўня на брыфінгу ў Менску Шмідт папрасіў абароны ва ўладаў Беларусі, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску.
Беларускае Радыё Рацыя