Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі па справе аб рэйсе Ryanair Афіны — Вільня, калі самалёт быў пасаджаны ў Беларусі ў 2021 годзе на падставе нібыта наяўнасці ў ім выбуховага прыстасавання. Тады былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега.
Як піша Gazeta Wyborcza, рашэнне аб завочным арышце было прынята 4 верасня. Яно тычыцца былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка змены кантролю Яўгена Цыганава, а таксама неназванага афіцэра КДБ высокага рангу.

Нацыянальнай пракуратурай прад’яўлена абвінавачанне ў акце тэрору: узяцце падманам пад кантроль самалёта Ryanair і незаконнае пазбаўленне волі пасажыраў і прадстаўнікоў экіпажа.
У публікацыі гаворыцца, што вызначыць абставіны пасадкі самалёта дапамог 42-гадовы дыспетчар, які ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі, у тым ліку запісамі з цэнтра кантролю за палётамі, зробленымі на тэлефон. Следства цягам трох гадоў вялі Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бяспекі.