BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра Кубу і Хрэніна

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін можа цяпер спяваць песню Мусліма Магамаева савецкіх часоў “Куба – любоў мая”. Гэтай песняй у далёкім 1963 годзе сустракалі Фідэля Кастра, які прыехаў у СССР. Такая любоў узнікла не проста так. Напярэдадні, у 1962 годзе, савецкія ўлады перакінулі на Кубу ядзерную зброю і 43 тысячы савецкіх вайскоўцаў. СССР даўно ўжо няма. Фідэля таксама. Аднак стасункі аўтарытарных рэжымаў працягваюцца.

Не ведаю, што там прывёз Хрэнін у Кубу, але яму выдалі цэлы медаль. Ды не проста медаль, а цэлы ордэн Плая Хірон. Відаць, у памяць пра савецкіх лідараў, якія вельмі любілі розныя ўзнагароды. Медаль, які атрымаў Хрэнін, акурат яшчэ з тых часоў, калі СССР перакінуў на Кубу ядзерную зброю і 43 тысячы савецкіх вайскоўцаў. Ордэн заснаваны з нагоды перамогі над дэсантам ЦРУ ў 1961 годзе.

Насамрэч высадзіліся на Кубу ў той год, у тым ліку, і кубінскія эмігранты, якія спрабавалі беспаспяхова звергнуць рэжым Фідэля Кастра. З тых часоў ордэн уручаецца нібыта за барацьбу супраць імперыялізму. Што называецца: усе, хто супраць дыктатара, тыя імперыялісты. І сапраўды, ордэн у рэальнасці часта ўручаецца дыктатарам альбо прадстаўнікам аўтарытарных рэжымаў. Напрыклад, ордэн Плая Хірон атрымалі начальнік аналітычнага аддзелу КДБ СССР Мікалай Леонаў, генсек ЦК КПСС Брэжнеў, маршал СССР Сяргей Сакалоў, некалькі савецкіх касманаўтаў і міністр абароны Хрэнін.

Праўладная агенцыя БелТА адразу пахвалілася, што гэта ацэнка ўсяго беларускага войска. Мне дык падавалася, што нацыянальнае войскі ацэньваецца трошкі інакш, а не медалямі ад аўтарытарных лідараў. Але, перафразуючы вядома выраз, чым бы міністр не цешыўся, абы не перашкаджаў беларусам жыць.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: “Ваяр”