BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра рэпрэсіўную перарэгістрацыю

Ёсць такая рэпрэсіўная мера ў беларускім заканадаўстве – перарэгістрацыя. Вось напрыклад пачалася зараз перарэгістрацыя парафій і рэлігійных канфесій. З вялікай доляй верагоднасці іх застанецца нашмат менш, чым ёсць зараз. Таму што акрамя набору адэкватных крытэраў зараз да канфесій прад’яўляюць патрабаванне лаяльнасці ўладзе.
Такая ж гісторыя была з аграсядзібамі – у самым турыстычным рэгіёне краіны, на Браслаўскіх азёрах, іх стала ў разы менш, чым было да перарэгістрацыі.

А яшчэ раней была перарэгістрацыя палітычных партый, у выніку якой былі знішчаны ўсе намёкі на разнастайнасць палітычнага жыцця ў Беларусі. У нас свае правыя, левыя і цэнтрысты. У Беларусі гэта, на жаль, тыя, хто згодны з Лукашэнкам – справа, злева і па цэнтры.

Нешта падобнае было з прыватнымі школамі і дзіцячымі садкамі (памятайце, тагачасны міністр адукацыі Карпенка назваў іх рассаднікамі каляровых рэвалюцый). Нешта падобнае чакае індывідуальных прадпрымальнікаў.

Думаю, з цягам часу дойдзе і да ўсеагульнай перарэгістрацыі насельніцтва краіны. У выніку якой усіх нелаяльных з беларусаў выпішуць і прымусяць пакінуць краіну. Каб не перашкаджалі карціне дабрабыту і народнага адзінства.

Беларускае Радыё Рацыя