BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра што маўчыць лукашэнкаўская прапаганда

Украінскія беспілотнікі знішчылі 11% расейскіх сховішчаў нафты ды іншых відаў паліва. Так мяркуе агенцтва Bloomberg. Там лічаць, што на бліжэйшы час атакі на нафтаперапрацоўчую інфраструктуру Расеі з боку Украіны застануцца ў прыярытэце. Вось пра такія навіны лукашэнкаўская прапаганда нічога і не гаворыць.

Вельмі важна рабіць інтэрв’ю з палітзняволенымі, якія выходзяць на свабоду. Не для мас-медыяў, не для шырокай агучкі, але для разумення тых, ці іншых, тэндэнцыяў з боку рэжыму.

Напрыклад, дзякуючы нататкам у фэйсбуку колішняга галоўнага рэдактара сецявога выдання «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, мы ведаем, што за кратамі ніхто не атрымлівае інфармацыі па згубах у вайне Расеі супраць Украіны.

То бок, здавалася б, калі вы – лукашысты – саджаеце людзей за краты ў тым ліку і за падтрымку Украіны, то чаму б вам не маляваць фантастычныя перамогі свайго адзінага саюзніка, а па факце донара, – Расеі, у прывабным святле?

У якасці адказу прывяду словы гісторыка і палітычнага аналітыка Аляксандра Фрыдмана:

«Для Беларусі атакі на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) маюць дваякае значэнне. Першае, яны падвышаюць вагу двух беларускіх НПЗ – у Мазыры і Наваполацку. Мазыр знаходзіцца зусім побач з украінскай мяжой, а Наваполацак бліжэй, чым любы з расейскіх НПЗ, у які Украіна здолела пацэліць. Можна не сумнявацца, што ў выпадку «няправільных» паводзінаў уладаў Беларусі, менавіта НПЗ у Мазыры і Наваполацку стануцца прыярытэтнымі цэлямі для Кіева».

Мяркую, што прыведзеныя словы лішні раз падкрэсліваюць, што Лукашэнку вельмі важны статус кво. Пры ўмове, што Расея ўсё яшчэ мае інтарэс прыкрываць свайго маленькага, хоць і брыклівага, дыктатара, і адначасова мае рэсурс пагражаць усяму свету з тым, каб не быць знішчанай.

Палітычныя і выходзяць на свабоду, і распавядаюць нам што там знутры няволі адбываецца.

Але з іншага боку, мы ўжо ведаем, што адбываюцца страшныя рэчы – людзей забіваюць рознымі спосабамі. І дакладна псуюць ім псіхіку.

Беларускаму і сусветнаму грамадству трэба быць падрыхтаванымі прыняць страшныя рэчы, якія тут і цяпер робіць лукашэнкаўскі рэжым, не маючы над сабою грамадскага кантролю.

У Расеі ёсць рабства, там не здзівіш катаваннямі ў турмах, там каля пяці мільёнаў беспрытульных дзяцей, там такая страшная статыстыка па грамадскіх катастрофах, што яна ўжо ўспрымаецца як дадзенасць.

А ў Беларусі хоць які жах, які творыць сістэма, пагражае чарговым паўстаннем.

Таму лукашэнкаўская прапаганда балансуе як канатаходзец.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

На фота Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод