Напрыканцы студзеня адбудзецца нешта, што беларускія прапагандысты называюць выбарамі прэзідэнта. Пра тое, што з выбарамі гэта мае мала агульнага, ведае большасць беларусаў. Як і тое, што, чым скончацца гэтыя выбары. Прычым сітуацыя дайшла да таго, што ўсе нават перасталі рабіць выгляд, што фінал кампаніі непрадказальны. Аднак гаворка цяпер пра іншае.

Як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, асвятляць падзеі ў канцы студзеня прыедуць ажно 812 журналістаў. Доступ у інфармацыйны цэнтр у Палацы Рэспублікі атрымалі 481 прадстаўнік з 24 беларускіх медыя і 331 журналіст з 70 замежных СМІ. Аднак з гэтых прадстаўнікоў упершыню на мерапрыемстве, якое называецца выбары прэзідэнта РБ, не будзе ніводнага прадстаўніка беларускіх незалежных СМІ. Вы толькі ўдумайцеся: ніводнага прадстаўніка незалежных СМІ. Ніводнага, хто быў яшчэ ў тым жа Палацы Рэспублікі на выбарах 2020 года. Больш за тое, практычна ўсе незалежныя СМІ абвешчаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі, а журналісты гэтых СМІ знаходзяцца за кратамі ці выехалі за мяжу.
Выбары без выбару, журналістаў і праваабаронцаў. У Беларусі, відаць, усё так будзе сумленна адбывацца, што незалежныя журналісты ўжо і не патрэбныя. Прычым настолькі, што ў самой Беларусі іх ужо і не засталося.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: mlyn.by