Былы добраахвотнік Павел Мар’еўскі стаў другім віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады трэцяга склікання і ўжо выступіў у новай якасці на міжнароднай падзеі. Прадстаўнік фракцыі “Еўрапейскі выбар” і палітолаг, ён быў адзіным кандыдатам на пасаду. Пасля слуханняў і галасавання большасць чальцоў КР яго падтрымала.

Пра свае прыярытэтныя задачы Павел распавёў нашаму радыё:
– Я заўсёды гэта падкрэсліваю, праца як і спікера, так і віцэ-спікера павінна быць бесстаронняй. То бок я не павінен аддаваць прыярытэты ці сваёй фракцыі, ці то іншай. Я павінен ставіцца да ўсіх роўна. Я ведаю, што ў наступным годзе ў нас будуць новыя выбары ў Каардынацыйную раду. Я бачу тут сваю ролю як узмацніць працу спікера ў падрыхтоўцы гэтых выбараў, у адвакацыі гэтых выбараў і ўвогуле ў рэкламаванні ўдзелу ў выбарах беларусаў замежжа і ўнутры краіны, хто можа гэта рабіць.
Акрамя таго, Павел плануе працягнуць лабіяваць інтарэсы былых добраахвотнікаў.
У новай якасці ён далучыўся да Другога кангрэсу па палітвязнях у Варшаве. “Спікер КР Арцём Брухан захварэў і ён папрасіў мяне яго замяніць на падзеі”, – распавёў палітолаг.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






