BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Працяг дэбатаў напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду

На Беларускім Радыё Рацыя працягваюцца дэбаты напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду.

Гэтым разам удзельнічаюць:

– спіс №3 “Еўрапейскі выбар” – Артур Фінькевіч;

– спіс №4 “Наша справа” – Аляксандр Паршанкоў;

– спіс №5 “Закон і правапарадак” – Станіслаў Лупаносаў.

Артур Фінкевіч: Я прадстаўляю выбарчы спіс №3 «Еўрапейскі выбар». Гэта каманда дасведчаных людзей, якія з’яўляюцца чальцамі Аб’яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, культурніцкіх і прафсаюзных арганізацый, а таксама шэрагу арганізацый грамадзянскай супольнасці. У складзе нашага спісу вылучаюцца людзі, якія маюць досвед працы ў прадстаўнічых органах. У нас ёсць былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІІ склікання, дэпутаты мясцовых саветаў, таксама дзейсны дэпутат парламента Малдовы.

«Еўрапейскі выбар» – гэта новыя тэхналогіі для беларускіх прадпрыемстваў. Адукацыйная праграма для моладзі. Інвестыцыі ў беларускую эканоміку. А таксама гарантыі незалежнасці і бяспекі. Асноўныя пункты нашай праграмы: прасоўванне еўрапейскага выбару; распрацоўка рэформ у розных сферах; падтрымка палітвязняў і пацярпелых ад рэпрэсій, ветэранаў і ваяроў; адукацыйныя і культурніцкія ініцыятывы; павышэнне мабільнасці беларусаў; празрыстасць і публічны дыялог; таксама супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў. З дапамогай Каардынацыйнай рады мы прыцягнем увагу да актуальных для беларусаў праблемаў і разам вырашым іх.

На дадзены момант каманда блоку «Еўрапейскі выбар» падрыхтавала праект рэзалюцыі Каардынацыйнай рады аб намеры вяртаць уласнасць людзям, якія былі пазбаўлены сваёй нерухомасці па палітычных матывах. Прапануецца стварыць спецыяльную камісію, у функцыі якой будзе ўваходзіць збор дадзеных пра такія факты ў рэестр канфіскаваных і арыштаваных аб’ектыў нерухомасці. Таксама мы працуем над стварэннем камісіі па працы са зваротамі беларусаў у межах Каардынацыйнай рады. Галасуйце за «Еўрапейскі выбар», наш выбарчы нумар 3.

Аляксандр Паршанкоў: «Наша справа» працуе пад лозунгам «НЕ жалезнай заслоне для беларусаў і беларусак». Наш спіс экспертны. У нас тры кандыдаты навук, адзін магістр, ёсць прадстаўнікі розных сфераў – гэта і добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне, гэта і вучоныя, гэта і палітыкі. Некаторыя ўдзельнікі з нашага спісу ўжо працавалі ў Каардынацыйнай радзе. У нас за плячыма ёсць вынікі, у тым ліку праца ў міжнароднай камісіі, праца ў студэнцкай камісіі. Але для нас вельмі важна лабіраваць лозунг «НЕ жалезнай заслоне для беларусаў і беларусак».

Мы кажам пра тое, што самае галоўнае на наш погляд у працы дэмакратычных сілаў – гэта сканцэнтравацца зараз над тым, каб простыя беларусы мелі магчымасць удзельнічаць у працэсах, якія адбываюцца ў Еўропе, мелі доступ да высокаякаснай адукацыі, мелі магчымасць падарожнічаць, мелі магчымасць сустракацца з роднымі, – і гэта тое, што мы лічым на сёння для Каардынацыйнай рады самым актуальным.

Зараз ужо створана петыцыя да ўладаў Польшчы з прапановамі па спрашчэнні візавага пытання, зроблена таксама петыцыя, якая хутка будзе накіравана да ўладаў Чэхіі, якая таксама патрабуе змены візавага «бана». Таму мы працуем для беларусаў у Беларусі і за межамі Беларусі.

Станіслаў Лупаносаў: Я прадстаўляю спіс №5 «Закон і правапарадак». Спіс складаецца з былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Беларусі, якія звольніліся па палітычных матывах і якія не згодныя з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Таксама ў спісе ёсць грамадзянскія асобы, спартоўцы, якія актыўна выступілі супраць дыктатуры, якія прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасцяў. Асноўнымі мэтамі спісу «Закон і правапарадак» з’яўляецца: 1) супрацьдзеянне захапіўшаму ўладу неканстытуцыйным шляхам рэжыму Лукашэнкі; садзейнічанне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту беларускай дзяржавы; а таксама функцыянаванне органаў улады ў Беларусі на аснове прынцыпу дэмакратыі; 2) супрацьдзеянне гібрыднай анексіі Рэспублікі Беларусь Расейскай Федэрацыяй; 3) аднаўленне законнасці і правапарадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Формы працы: збор і фіксацыя доказаў злачынстваў прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі; арганізацыя бяспечнага захоўвання інфармацыі пра доказы, сведкаў і асобаў, якія пацярпелі ад дзейнасці рэжыму; вызначэнне вінаватых асобаў і дача прававой ацэнкі здзейсненых злачынстваў прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі на аснове Крымінальнага кодэкса Беларусі і міжнароднага крымінальнага права. Гэтая інфармацыя будзе выкарыстана пасля вызвалення Беларусі пры арганізацыі расследавання і судовага разбіральніцтва і прыцягнення да адказнасці вінаватых асоб.

Сумесна з другімі дэмакратычнымі суб’ектамі, узаемадзеянне з упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Міжнародным крымінальным судом па перадачы сабраных доказаў злачынстваў рэжыму з мэтай прыцягненне іх да адказнасці. Вывучэнне сусветнага вопыту сілавых ведамстваў у пераходны перыяд, у час пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. Разработка канцэпцыі рэфармавання органаў у Беларусі, якія павінны служыць народу, а не рэжыму. І таксама, каб сілавікоў было немагчыма выкарыстоўваць у палітычным змаганні ўнутры краіны.

Цалкам дэбаты:

Беларускае Радыё Рацыя