Амбасадары Еўразвяза пры Еўрапейскай радзе ўсё яшчэ працягваюць абмеркаванне новага санкцыйнага пакета супраць Беларусі.

«Варта адзначыць, што санкцыям супраць Беларусі да гэтага часу не дадзена зялёнае святло. Яны ўсё яшчэ абмяркоўваюцца з мэтай найхутчэйшага дасягнення пагаднення», – паведаміў журналіст RFE/RL Рыкард Йозвяк. Сёння бельгійскае старшынства ў ЕЗ аб’явіла, што 14-ы пакет санкцый супраць Расеі быў ухвалены на роўні паслоў пры Еўрапейскай радзе. Маецца быць яшчэ яго фармальнае зацверджанне.
Раней СМІ пісалі, што ў краін ЕЗ узніклі рознагалоссі наконт зместу новага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, які ў асноўным прадугледжвае ўніфікацыю абмежаванняў з расейскімі. У прыватнасці паведамлялася, што нібы Германія супраць забароны на пастаўкі дарагіх аўтамабіляў у Беларусь. Тады ж крыніцы заяўлялі, што разглядаецца варыянт развесці беларускі і расейскі пакеты санкцыяў з тым, каб дасягнуць пагаднення па мерах у дачыненні да РФ, адклаўшы ўвядзенне новых абмежаванняў для Беларусі.