Папярэдняя праграма ІІІ канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая пройдзе 3-4 жніўня ў Вільні, апублікавана на сайце дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай.
У першы дзень форуму запланаваны чатыры панэлі. На пачатковай плануецца абмеркаваць пагрозу суверэнітэту і нацыянальнай незалежнасці; “выбары-2025” і тое, “як не даць рэжыму перавярнуць старонку”; як рэагаваць на эскалацыю вайны ці ўцягванне ў яе арміі Беларусі; як прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да Беларусі; як пераадолець тэндэнцыю разрыву паміж беларусамі і дэмсіламі, людзьмі ў краіне і эміграцыі.
Другая панэль будзе прысвечана таму, як садзейнічаць мабільнасці грамадзян; як “не дапусціць жалезнай заслоны на мяжы і трымаць еўрапейскія дзверы для беларусаў адчыненымі”; а таксама шляхах падвышэння эфектыўнасці і даступнасці адукацыйных праграм і магчымасцей прафесійнай рэалізацыі; адказу на “ўсё большую арыентацыю Беларусі ў бок Расеі”; працы з санкцыямі, “каб Еўропы ў Беларусі стала больш”.
На трэцяй панэлі плануецца абмеркаваць тэму палітвязняў: дзеянні для паскарэння іх вызвалення; шляхі дапамогі тым, хто ўжо выйшаў; напрамкі рэабілітацыі. На гэтым этапе канферэнцыі адбудзецца прэзентацыя Міжнароднага фонду гуманітарнай дапамогі.
Другі дзень канферэнцыі пачнецца з панэлі, прысвечанай малой эканоміцы. На ёй плануецца абмеркаваць, “што хвалюе беларусаў”, закрануўшы пытанні “цэн, заробкаў, пенсій, дэфіцыту сацыяльна значных тавараў, медыцыны і іншых сацыяльных паслуг”. Тут жа будзе ўзнята пытанне, “як адказная дзяржава павінна спраўляцца з гэтымі выклікамі”; будзе прадстаўлены адказ дэмсіл і “бачанне Новай Беларусі”.
Наступную панэль форума прысвецяць тэме салідарнасці. Размова на ёй пойдзе аб тым, “ці могуць дэмсілы браць на сябе функцыі падтрымкі неабароненых груп у эміграцыі”,
Заключная панэль адведзена пад тэму сістэмнай падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і ветэранаў.
Нагадаем, на першай канферэнцыі “Новая Беларусь” 8-9 жніўня 2022 года Ціханоўская аб’явіла пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), які яна зараз узначальвае, і прызначыла яго першых прадстаўнікоў.
Беларускае Радыё Рацыя