Што чуваць пра так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі? Калі яны мусяць адбыцца, і як ужо цяпер да іх рыхтуюцца прапагандысты і сілавікі?

Пра гэта распавядае сённяшні госць Рацыі, прадстаўнік ініцыятывы Belpol Уладзімір Жыгар. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Давайце, можа быць, перш за ўсё, адносна таго, што цяпер, можа быць, хвалюе людзей адносна даты выбараў. Belpol агучыў меркаваную дату, і потым, як быццам бы, была нейкая рэакцыя з боку рэжыму. Нагадайце нашым слухачам, калі магчыма будуць выбары, ці спраўджваюцца вашыя прагнозы, і якую чуваць рэакцыю з боку рэжыму на такую інфармацыю.
— Не так даўно мы агучылі дату так званых выбараў, хаця гэта на самой справе самавыбары Лукашэнкі. Гэта 23 лютага 2025 года. Гэтая інфармацыя да нас прыйшла з некалькіх крыніц, якія паміж сабой не звязаныя, і яна была намі старанна правераная. Зыходзячы з гэтай інфармацыі, зыходзячы з таго, што мы бачылі падчас праверкі, мы зразумелі, што сапраўды 23 лютага — гэта тая дата, якую яны запланавалі. Потым, калі мы атрымалі дакументы, што датычыліся „марафону адзінства“, які стартаваў 17 верасня, мы толькі ўпэўніліся ў правільнасці нашай інфармацыі, бо „марафон адзінства“ павінен скончыцца 24 лютага. На наступны дзень пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў, калі ўвесь народ збярэцца на велізарны галаканцэрт, каб аб’яднацца вакол Лукашэнкі. Гэтая інфармацыя правяралася намі неаднаразова. Мы таксама глядзелі на іншыя нюансы, якія даходзілі да нас.
Калі гаварыць, напрыклад, пра сістэму МУС, то на канец лютага ўсім супрацоўнікам МУС сказалі не планаваць адпачынкі, гэта значыць, што ў гэты час адпачынкаў не будзе. І гэта таксама паказвае на так званыя выбары, бо час электаральнай кампаніі — гэта час, калі ўсе супрацоўнікі МУС пераходзяць на ўзмоцнены рэжым нясення службы. І ніякіх адпачынкаў ці выходных у гэты час не даюць. Таму на цяперашні момант, нават з рэакцыі, якую мы бачым ад рэжыму, нервовай рэакцыі самога Лукашэнкі, апублікаваўшы гэтую інфармацыю, мы, можна сказаць, парушылі планы Лукашэнкі. Бо перанесці дату выбараў на больш позні тэрмін не вельмі зручна, бо пад гэтую дату таксама быў запланаваны „марафон адзінства“. Гэта значыць, што мы змаглі паўплываць на іх рашэнне пра прызначэнне даты выбараў.
І калі яны прызнаюць і прызначаць 23 лютага як дзень выбараў, гэта, зноў жа, пацвярджэнне нашай інфармацыі. І гэта толькі, скажам так, умацоўвае нашы пазіцыі. Таму цяпер у Лукашэнкі дылема, як учыніць. Раней правесці яны не могуць выбары, раней за гэты тэрмін, бо ім яшчэ трэба выканаць усе падрыхтоўчыя акцыі. Калі казаць пра так званую цэнтральную выбарчую камісію, то паводле нашай інфармацыі там таксама ўсё было распланавана акурат пад 23 лютага. Ён таксама хоча правесці Усебеларускі народны сход. І гэта таксама такая традыцыя. І як усё гэта сумясціць, калі перанесці дату выбараў крыху раней, яны пакуль не ведаюць. Гэта такая дылема, пры якой мы, апублікаваўшы гэтую інфармацыю, выдатна разумелі, што калі ён пераносіць дату выбараў на пазней, гэта дасць больш магчымасцяў дэмакратычным сілам падрыхтавацца да выбараў.
Калі ён пацвярджае гэтую нашую інфармацыю, і прызначае выбары на 23 лютага, гэта азначае, што дэмакратычныя сілы, у гэтып выпадку Belpol, маюць настолькі канфідэнцыйную інфармацыяю, і гэта таксама праблема для іх. Бо гэта чарговы раз пакажа, што іх сістэма, як бы яны ні змагаліся з беларусамі ўнутры Беларусі, усё роўна як рэшата, і любую інфармацыю можна знайсці. І ў іх сістэме ўсё роўна ёсць нашыя людзі, якія даюць нам такую канфідэнцыйную інфармацыю.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Уладзімір Жыгар падкрэслівае — на жаль, у цяперашняй Беларусі перад выбарамі можна чакаць яшчэ большага закручвання гаек, а значыцца — варта рыхтавацца да найгоршага.
Беларускае Радыё Рацыя






