Кветкі на савецкіх могілках у Варшаве. Іх усклалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі, якія базуюцца за мяжой. Такім чынам ушанавалі памяць пра пераможцаў вайны.

Тут не можа быць манаполіі на памяць пра перамогу, гэта ў нашым эфіры падкрэсліў беларускі палітык Павел Латушка:
– Усклалі кветкі на савецкіх могілках тут, у Варшаве, да безыменных магілаў салдатаў, якія загінулі ў 1944 годзе падчас дэакупацыі Варшавы. Там, дарэчы, ёсць і магілы, дзе пазначаныя і тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі. Вось сёння якраз знайшлі такую магілу беларуса, які загінуў тут, у Варшаве, з Гомельскай вобласці.
«Памятаць, каб не паўтаралася», кажа намеснік старшыні аб’яднанага пераходнага кабінету ды кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Беларускія палітыкі ўсклалі кветкі да месцаў звязаных з беларусамі. Напрыклад, да помніка героям Бітвы пад Монтэ-Касіна.
– Гэтая бітва, у якой прымала ўдзел польская дывізія пад кіраўніцтвам генерала Андэрса. Там таксама ў шэрагах вайскоўцаў змагаліся і беларусы. Загінулі таксама ў Італіі. Мы ўсклалі кветкі. Гэта дзень памяці, гэты дзень адзначаюць у Еўропе. Заўтра 9 Мая – гэта Дзень памяці і пашаны да ўсіх тых, хто загінуў, каб гэта не паўтаралася.
8 траўня ў Еўропе адзначаюць Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе Антыгітлераўская кааліцыя афіцыйна падпісала безумоўную капітуляцыю нацысцкай Германіі ў Берліне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






