Чаму менавіта цяпер улады Беларусі вырашылі паказаць вядомых палітвязняў — Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку? Якой рэакцыі чакае Лукашэнка і на якую рэакцыю разлічвае? На гэтыя пытанні адказвае сенняшні госць Рацыі — палітычны аналітык агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Размаўляе з ім наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.
РР: Літаральна днямі ўлады паказалі Віктара Бабарыку. Як лічыце, за гэтым стаіць непасрэдна Луашэнка ці можа быць гэта нейкія такія больш дробныя гульні?
Аляксандр Класкоўскі: Я думаю, што ў гэтым пытанні не можа быць нейкіх экспромтаў на ўзроўні таго ж Пратасевіча ці нейкіх людзей з ліку сілавікоў, з пенітэнцыярнай сістэмы. Таму што Бабарыка – гэта буйная фігура, адзін з сімвалаў феномену 2020 года, калі было такое, я яго называю мірным паўстаннем сотняў тысяч, нават мільёнаў беларусаў. Таму я думаю, што ў свой час увядзенне гэтага рэжыму інкамунікада санкцыяваў менавіта сам правадыр рэжыму. І цяпер дазвол на перарыванне гэтай блакады мог даць толькі ён.
РР: А чаму такім чынам, чаму Пратасевіч? Гэта проста зручная фігура ці гэта можа быць нейкі сімвалізм тыпу “вось глядзіце сам вызваліўся і буду вашым правадніком да свабоды”, умоўна кажучы?
Аляксандр Класкоўскі: Канешне, Пратасевіч тут невыпадковая фігура, ён тут персанаж цалкам несамастойны, хоць ён робіць выгляд, што ледзь не ягоная ініцыятыва, што ён прабіваў гэтую сустрэчу, як і раней сустрэчу з Марыяй Калеснікавай. Натуральна ўсё гэта зверху было прадпісана. І чаму менавіта Пратасевіч, бо гэта для ўладаў сапраўды такая зручная сімвалічная фігура. Ён сімвалізуе, ілюструе, што хацеў бы бачыць Лукашэнка ва ўсіх іншых выпадках, каб скарыліся і не проста скарыліся яго палітычныя супернікі, таму што, зразумела, некаторыя людзі пішуць прашэнні пра памілаванне, так званую «памілоўку» толькі дзеля таго, каб уратаваць сваё здароўе, сваё жыццё. І гэта не азначае, што яны мяняюць свае погляды.
Але ў выпадку Пратасевіча – тут ён не толькі папрасіў гэтага памілавання, ён відавочна перайшоў на службу рэжыму. І вельмі старанна гэтую сваю місію выконвае. Па-першае, ён не аднойчы выступаў у розных эфірах дзяржаўнага тэлебачання с дыскрэдытацыяй апазіцыі, тых людзей, з якімі ён некалі поплеч працаваў. Я нагадаю, што ён быў у свой час рэдактарам вельмі радыкальнага тэлеграм-канала «Нехта». Гэты канал быў таксама адным з рупараў пратэстаў, можна так сказаць. Таму вось такі пераход у іншы лагер, у іншы стан і такое ўжо шчыраванне на глебе дзяржаўнай прапаганды, на глебе таго, каб прасоўваць нейкую ідэалогію, нейкія мэсаджы рэжыму – гэта, канешне, зручна для ўладаў.
Яны як бы Пратасевічам паказваюць, вось тут сядзіць Бабарыка – змучаны, худы і Пратасевіч – сыты, задаволены сабой. І гэта таксама мэсадж – калі вы скарыцеся, калі вы станеце на калені і пачнеце служыць рэжыму, то і ў вас будзе ўсё добра.
Па меркаванні аналітыка, рэжым Лукашэнкі дэманструе такую, з яго пункту погляду, гуманнасць, не для сваіх сілавікоў ці электарату, а толькі для заходніх палітыкаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






