Беларускія актывісты Раман Кісляк і Марына Зялёная правялі пікет у падтрымку правоў беларусаў Грузіі перад Дэпартаментам міграцыі МУС Грузіі ў Тбілісі.

Чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная і праваабаронца Раман Кісляк тры гадзіны прастаялі з беларускімі нацыянальнымі сцягамі каля будынка дэпартамента і гэтым прыцягвалі ўвагу да праблемы доўгага разгляду прашэнняў беларусаў аб палітычным прытулку ў Грузіі.
Акцыю каментуе Раман Кісляк:
-Накіравана на тое, каб звярнуць увагу на праблемы беларусаў у Грузіі з атрыманнем прытулку. Мы фіксуем, што нават гранічны тэрмін 21 месяц грузінскія ўлады перавышаюць пры разглядзе гэтых хадайніцтваў, і да гэтай пары не выдалі ніводзін статус ні прытулку, ні гуманітарны. Таму мы хацелі звярнуць увагу на недапушчальнасць такога працяглага разгляду.
Па словах Рамана Кісляка, падчас акцыі да іх выйшаў прадстаўнік Дэпартамента па міграцыі:
-Больш за тры гадзіны пікетавалі. Пасля абеду выйшаў супрацоўнік з перакладчыцай. Запытаўся, чаму мы пікетуем і якія ў нас патрабаванні. Ён нас пачуў і абяцаў перадаць і прыняць да ведама ўсе нашыя патрабаванні. Не было ніякай агрэсіі.
Праваабаронца канстатуе, што больш за 50 беларусаў з 2019 па 2024 год ужо падалі прашэнні аб атрыманні міжнароднай абароны ў Грузіі, аднак ніводзін з беларусаў такога статуса не атрымаў. Раман і Марына будуць ладзіць серыю пікетаў, наступны плануецца на сераду 29 траўня.


Беларускае Радыё Рацыя