BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Правіла 3,5%: ці сапраўды негвалтоўны супраціў больш паспяховы?

Тры з паловай працэнты і мірныя пратэсты. Ці гарантуюць яны негвалтоўную змену ўлады? І чаму гэтае правіла не спрацавала ў Беларусі? Як улады навучыліся супрацьстаяць мірным пратэстоўцам? Над такімі ды іншымі пытаннямі разважае нашая сённяшняя Госця Рацыі – настаўніца, магістарка па спецыяльнасці “Сацыялогія-антрапалогія” Маргарыта Тарайкевіч.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра вашае даследаванне.

Маргарыта Тарайкевіч: Я папулярызую зараз не маё ўласнае даследаванне, я – магістр сацыялогіі – антрапалогіі. Але ў дадзены момант я кажу пра даследаванне Эрыкі Чэнавет, якая яшчэ больш за 15 гадоў таму разам са сваёй калегай Марыяй Стэфан даказала большую выніковасць негвалтоўных паўстанняў, чым узброеных. І якая працягвае свае даследаванні і зараз. У яе ёсць новыя напрацоўкі. Справа ў тым, што гэтае даследаванне стала вельмі вядомым і вакол яго зрабілася шмат міфаў. І першы міф – гэта той, што калі толькі на вуліцы выйдзе тры з паловай працэнты, то перамога гарантаваная. А другі міф, што нібыта Чэнавет – калянавуковая шарлатанка, і ўсё гэта фальсіфікацыя. Ні тое, ні другое няпраўда. Як мінімум, ёсць вялікія падставы лічыць негвалтоўны супраціў больш выніковым. Але вельмі шмат нюансаў. І тут найперш я заклікаю чытаць, хто мае прывілей карыстацца ангельскай мовай, саму Эрыку Чэнавет, а таксама глядзець пра негвалтоўнае змаганне відэа Уладзіміра Мілова. Канешне ж, трэба чытаць і іншыя даследаванні.

РР: Што за правіла 3, 5%?

Маргарыта Тарайкевіч: Гэтае правіла было выведзена Эрыкай Чэнавет і Марыяй Стэфан на падставе базы дадзеных, у якой улічвалася ўсе, якія яны маглі знайсці, то бок, па гістарычных дадзеных, па паведамленнях СМІ, розныя рухі з 1900 года да 2006. Прычым, улічваліся толькі так званыя максімалістычныя рухі, такія як памяняць уладу, альбо пазбавіцца ад акупацыі, альбо набыць тэрытарыяльную незалежнасьць. І аказалася, што негвалтоўныя рухі ў 53% прыводзілі да перамогі. У выпадку ўзброеных паўстанняў станоўчы вынік перамог толькі ў 27% выпадкаў.

“Выніковасць негвалтоўных паўстанняў у апошнія 15 год знізілася з 53 да 34 адсоткаў; а ўзброеных – з 27 да 7 адсоткаў. Але нягледзячы на перашкоды, колькасць негвалтоўных рухаў у свеце расце”, – дадала Маргарыта Тарайкевіч.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя