Грэнландыя імкнецца да незалежнасці і не хоча быць амерыканскай ці дацкай, заявіў прэмʼер-міністар вострава Мютэ Эгедэ на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэмʼер-міністрам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн. Пра гэта піша Financial Times.
«Мы хочам быць грэнландцамі», — падкрэсліў Мютэ Эгедэ, каментуючы заяву Дональда Трампа аб магчымым устанаўленні кантролю над Грэнландыяй.
Эгедэ таксама заявіў, што востраў адкрыты для супрацоўніцтва з ЗША, але яго лёс будуць вырашаць мясцовыя жыхары.
Прэмʼер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн назвала імкненне Грэнландыі да незалежнасці легітымным і зразумелым, але ацаніла цікавасць ЗША як станоўчую. Пры гэтым прэмʼер падкрэсліла, што хацела б захаваць Грэнландыю ў складзе каралеўства.
Фрэдэрыксэн падкрэсліла, што Грэнландыя не прадаецца, але Данія гатовая да супрацоўніцтва з ЗША ў распрацоўцы рэсурсаў. Яна таксама прызнала недастатковыя інвестыцыі ў абарону вострава.
Цікава, што спробы Кітаю інвеставаць у інфраструктуру Грэнландыі былі заблакаваны ЗША і Даніяй.
Беларускае Радыё Рацыя