Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск сёння прыбыў у Кіеў з афіцыйным візітам па запрашэнні Уладзіміра Зяленскага. Туск прыехаў з польскім міністрам фінансаў Анджэем Даманскім, які рыхтуе міжнародную канферэнцыю па аднаўленні Украіны.

І гэта робіць візіт Туска асабліва актуальным для Кіева. Пра гэта ў размове з Анжалікай Лялькоўскай распавядае ўкраінскі палітолаг Яўген Магда:
-Для нас зараз Польшча – як дарога жыцця, як сказаў пасол Украіны ў Польшчы Васіль Боднар. Польшча адная з першых прыйшла нам на дапамогу з пачатку шырокамаштабнага ўварвання. Таму візіт Туска для нас важны і, я так разумею, што польскі прэм’ер прыехаў з міністрам фінансаў для таго, каб гаварыць пра канферэнцыю па пытаннях аднаўлення Украіны, якая пройдзе летам у Гданьску. Гданьск – гэта родны горад Туска, Гданьск не чужы і прэзідэнту Наўроцкаму. Таму гэта будзе такі даволі цікавы чэлендж, хто будзе больш актыўна там адыгрываць ролю. У любым выпадку, мне здаецца, што ў Польшчы пытанне падтрымкі Украіны не выклікае нейкіх супярэчанняў перад правячай элітай.
РР: Якія канкрэтна крокі Польшчы ў падтрымцы энергетычнай стабільнасці Украіны Вы б назвалі сёння?
Яўген Магда: Па-першае, гэта акцыя “Цяпло Польшчы для Кіева”, калі было сабрана каля 10 мільёнаў злотых і першыя генератары прыехалі ва Украіну яшчэ на мінулым тыдні. Плюс да гэтага падключыліся і ўласна ўрад і горад Варшава, як удзельнікі гэтай дапамогі. Польшча стала каталізатарам гэтай падтрымкі, я думаю, што ўкраінцы гэтага не забудуць.
РР: Як Польшча бачыць удзел у аднаўленні Украіны пасля вайны? І ці будзе падтрымка на роўні інвестыцый і інфраструктуры?
Яўген Магда: Думаю, што ўцэлым працэс аднаўлення Украіны мае пачынацца ўжо зараз. Бо зараз Украіна страціла больш за 20% сваёй тэрыторыі, і мы зараз з вамі гаворым, а страты працягваюць павялічвацца. І гэта сур’ёзны выклік. Нам трэба, каб аднаўленне было ўжо зараз і яно пачынался з рэканструкцыі ў тым ліку энергетычных сетак, электрычных ліній, вадаправодаў, пачынаючы з Заходняй і Цэнтральнай Украіны. Зразумела, што пабудаваць нейкія вялізныя прадпрыемствы складана, але трэба пачынаць ужо зараз прыходзіць на дапамогу Украіне, рабіць так, каб Украіна станавілася больш устойлівай, бо зараз мы нагадваем жывую істоту, якая страціла адну сваю канечнасць і трэба гэта максімальна хутка кампенсаваць.
РР: Як Польшча бачыць перамоўны працэс пра сяброўства Украіны ў ЕЗ?
Яўген Магда: Польшча падтрымлівае еўраінтэграцыю Украіны.
РР: Можа Вы ведаеце нейкія дэталі візіту Туска ва Украіну і што будзе адбывацца?
Яўген Магда: Думаю, перш за ўсё, гэта сустрэча з Уладзімірам Зяленскім, сустрэча з прадстаўнікамі ўраду, таму што гэта падрыхтоўка да канферэнцыі, і думаю, што будзе пэўны рытуальны крок, стасоўна надання Украіне дапамогі, таму што Польшча ў гэтым пытанні ўваходзіць у першую тройку па ВУП.
Нагадаем, Польшча аказвае ваенную дапамогу, пастаўляючы зброю і абсталяванне для абароны краіны. А гуманітарная падтрымка ўключае прыём перасяленцаў, медыцынскую дапамогу і прадукты харчавання. Акрамя таго, Польшча ўдзельнічае ў аднаўленні інфраструктуры і фінансаванні праектаў па адбудове гарадоў, пацярпелых ад вайны.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






