BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віленская прэс-канферэнцыя вызваленых палітвязняў

У Вільні 22 снежня адбылася прэс-канферэнцыя вызваленых палітвязняў. На сустрэчу прыйшлі 8 палітвязняў з 123-х вывезеных 13 снежня. 

На пачатку выступіла лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, якая падзякавала ўсім, хто дапамагаў у вызваленні і падтрымцы палітвязняў. Яна зазначыла, што на іх падтрымку сабрана ўжо больш за 250 тысяч еўра.

Першы з палітвязняў слова ўзяў праваабаронца Уладзімір Лабковіч. Ён выказаў падзяку амерыканскаму і ўкраінскаму боку і зазначыў пра важнасць працягу вызвалення іншых палітвязняў.

Таксама Лабковіч расказаў пра цеплыню, з якой сустрэлі палітвязняў украінцы, пра дапамогу Польшчы ў іх пераездзе ў Літву, і літоўскім уладам, што прынялі іх у Літве. Як зазначыў Уладзь, у яго няма ніякіх ілюзій наконт рэпрэсій у Беларусі і таго, што там адбываецца. Ён сказаў, што нават калі яны ехалі сюды, то паводле дадзеных “Вясны”, рэпрэсіі нарастаюць.

Слова ўзяў Уладзіслаў Яцэнка, які сказаў, што ён непублічная асоба і падзякаваў усім за сустрэчу і дапамогу палітвязням. Падзякаваў украінцаў за тое, што яны стварылі калідор для іх ва ўмовах вайны. А таксама Трампу і ўсім  астатнім.

Да выступоўцаў далучыўся яшчэ адзін палітвязень – Максім Сенік. Зараз іх восем чалавек.

Максім Сенік распавёў, што іх у калоніі ўтрымлівалі ў скоцкіх умовах. Адзіная жанчына, Ганна Курыс, таксама выказала словы падзякі людзям, датычным да вызвалення і іх прыёму ў замежжы. Яна сказала, што трэба прыцягваць увагу грамадскасці да праблем палітвязняў і змагацца за іх вызваленне.

Палітвязень Сяргей Паўлавіцкі пажадаў усім, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі, каб яны спадзяваліся на тое, што хутка выйдуць і каб верылі ў гэта. І нагадаў пра тое, што трэба змагацца ўсім за іх вызваленне. Ён зазначыў, што яго дачцэ быў зроблены падарунак да святаў, што яго бацька на волі. Ён пажадаў іншым дзецям палітвязняў зведаць тое ж самае.

Аляксей Капліч – самы малодшы ў групы палітвязняў расказаў сваю гісторыю затрымання. Як толькі яму споўнілася 18 гадоў, яго затрымалі і ўтрымлівалі ў кабінеце 12 дзён. Гэты хлопец з’яўляецца далёкім сваяком Святланы Ціханоўскай.

Усе палітвязні ў сваіх выступах дзякуюць украінцам, у тым ліку Буданаву, а таксама Трампу і ўсім астатнім.

Зараз на пытанні адказвае Уладзімір Лабковіч, які расказаў пра тое, што яго зараз клапоціць. Пра тое, што яго калегі, у тым ліку Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова працягваюць знаходзіцца за кратамі. І трэці яго клопат – гэта тое, што падараваць дачцэ, бо ў яе хутка дзень народзінаў.

Цяпер усе палітвязні распавядаюць пра свае перажыванні і клопат. Ганна Курыс зазначыла, што ёй вельмі не хапае радзімы.

Максім Сеннік расказаў пра прапанову спецслужбаў на супрацоўніцтва. Яму прапаноўвалі зліваць інфармацыю пра беларускую дыяспару, у прыватнасці ў Польшчы. Таксама ён расказаў пра здзекі ў калоніі. Над ім здзекваліся сукамэрнікі з-за яго храпу. Ён там страціў здароўе і нават хадзіў пад сябе, бо была праблема ў моча-палавой сістэмай.

Уладзімір Лабковіч таксама расказаў пра цяжкія ўмовы і катаванні. У калоніі №17 яму адразу сказалі, што яго сябры быццам вырашылі, што ты сакральная ахвяра. І мы гэта падтрымаем: за кожную згадку ў СМІ у цябе будзе ШІЗА або ПКТ. Згадак у СМІ было шмат, таму і пакаранняў у адзіночках было шмат. Ён зазначыў, што калі ён будзе зараз пра гэта распавядаць, то тым, хто там застаўся сядзець, будзе нядобра ў гэтай калоніі №17. Лабковіч сказаў, што пра ўсе гэтыя катаванні не будзе зараз распавядаць.

Ганна Курыс зазначыла, што сядзела па чатырох артыкулах. Яна адбыла за кратамі з двух гадоў толькі 10 месяцаў.

Уладзімір Лабковіч заклікаў усіх, хто вызваліўся і вызваліцца даносіць інфармацыю пра катаванні ў калоніях, каб вінаватых маглі прыцягнуць да міжнароднай  адказнасці.

Як зазначыў Уладзь, у турме № 8 самым распаўсюджаным артыкулам з’яўляецца 411-ы. Гэта пра тое, што людзям фактычна свеціць пажыццёвае зняволенне. Для яго самым цяжкім годам быў 2025-ы. Яму пагражалі да лютага аформіць 411-ы артыкул. Таму ён да апошняга не ведаў, што яго вызваляць. У яго было каля 30-ці парушэнняў, звязаных з гэтым артыкулам, то бок парушэнне ўмоваў утрымання ці непадпарадкаванне.

На пытанне, чаму палітвязні выбралі Літву, палітвязень Уладзіслаў Яцэнка адказаў, што выбраў гэтую краіну таму, што тут вялікае кам’юніці, якое заўжды падтрымае і ў яго тут шмат сяброў.

Пра станоўчае ў калоніі мужчыны распавядаюць, што яны навучыліся шыць на “промцы”, у тым ліку і Уладзімір Лабковіч. Як зазначылі палітвязні, за гэта яны атрымлівалі па 3-20 рублёў у месяц. А не палітычныя за гэтую працу маглі атрымаць да 1500 у месяц. Самы вялікі заробак у аднаго з прысутных палітвязня быў у 40 рублёў за пашыў адзення. А на дрэваапрацоўцы можна было атрымаць палітвязням ад 80 рублёў.

Як зазначыла Ганна, у жанчын была іншая праца – прыбіраць. Як яна распавяла, яны нават анучамі прыбіралі лужы на вуліцы. Гэта здзіўляла нават некаторых супрацоўнікаў калоніі. За падобную працу яны атрымлівалі прыкладна па 10 рублёў.

Максім Сенік распавёў, што ў іх калоніі рабілі скрыні для снарадаў.

Як зазначае Уладзь Лабковіч, у турме ўсе робяць прагнозы на вызваленне, але яшчэ ні адзін прагноз ні ў каго не спраўдзіўся, у тым ліку ў яго, бо ён казаў пра тое, што яго не вызваляць.

Ці дайшлі за краты чуткі пра Міколу Статкевіча, калі яго выпусцілі? На гэтае пытанне адказаў Уладзіслаў Яцэнка: палітвязні ведалі пра яго ў Наваполацку, у калоніі лічаць яго чалавекам- крэменем і вельмі паважаюць за сілу духу.

На гэтым канферэнцыя скончылася.

Беларускае Радыё Рацыя