BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прэзідэнт Францыі заявіў пра расейскую пагрозу для Еўропы

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступіў з прамовай напярэдадні надзвычайнага еўрапейскага саміту па Украіне. Ён заявіў, што замірэнне не можа быць дасягнутае любым коштам, пад расейскім дыктатам і не можа быць капітуляцыяй Украіны.

Здымак ілюстрацыйны

Ён падкрэсліў, што Расея працягвае пераўзбройвацца і плануе павялічыць лік салдат у войску, колькасць танкаў і знішчальнікаў.

“На гэтым фоне хто можа паверыць, што сённяшняя Расея спыніцца на Украіне? Расея надоўга стала пагрозаю для Францыі і Еўропы. Мір больш не можа быць гарантаваны на нашым уласным кантыненце. Расейская пагроза існуе, і яна закранае краіны Еўропы, закранае нас», – заявіў французскі прэзідэнт.

Паводле Макрона, Расеі больш нельга верыць на слова, а Украіна мае права на мір і бяспеку, і гэта ў інтарэсах Францыі. Ён пацвердзіў, што Парыж выправіць ва Украіну міратворцаў, аднак толькі пасля замірэння.

«Мы ўступаем у новую эру», – сказаў палітык, адзначыўшы, што Еўропа мае быць гатовая да таго, што ЗША «не будуць на нашым баку».

Эмануэль Макрон таксама паведаміў пра пачатак дыскусіі аб выкарыстанні французскай ядзернай зброі для абароны ўсяго Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя