Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з Трампам учора ў Гэйлардскім нацыянальным канферэнц-цэнтры каля Вашынгтона, дзе праходзіць Канферэнцыя палітычных дзеянняў кансерватараў.

Як паведаміла PAP крыніца ў партыі «Права і справядлівасць», сустрэча прэзідэнтаў рыхтавалася даўно, але трымалася ў сакрэце, а галоўнай тэмай павінна была стаць вайна Расеі супраць Украіны і ўрэгуляванне спрэчкі паміж Трампам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паводле суразмоўцы, польскі бок таксама меў на мэце правесці сустрэчу перад запланаванай на панядзелак сустрэчай Трампа з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.
Размова Дуды з Трампам, якая, верагодна, доўжылася менш за 10 хвілін, пачалася са спазненнем на гадзіну без прысутнасці СМІ і ўступных заяваў.
«Прэзідэнт Трамп сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і пацвердзіў наш цесны саюз. Прэзідэнт Трамп таксама пахваліў прэзідэнта Дуду за імкненне Польшчы павялічыць выдаткі на абарону», — гаворыцца ў паведамленні Белага дома на платформе Х.
Пазней у інтэрв’ю тэлеканалу Republika Анджэй Дуда заявіў, што амерыканскі прэзідэнт хоча спыніць кровапраліцце ва Украіне. «Мы не павінны дазволіць Расеі перамагчы Украіну», — сказаў Дуда. Але, як ён адзначыў, паўстае пытанне, як скончыць вайну.
Беларускае Радыё Рацыя






