BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прэзідэнт Польшчы заклікае Еўропу ўзбройвацца

Прэзідэнт Польшчы заклікае Еўропу ўзбройвацца, каб абараніцца ад патэнцыйнай расейскай агрэсіі. Анджэй Дуда ў інтэрв’ю літоўскаму рэсурсу LRT заявіў, што толькі правільная падрыхтоўка Еўропы да вайны можа стрымаць Расею ад агрэсіі, а таксама запэўніў, што Варшава дапаможа Вільні ў выпадку расейскага нападу на Літву. Анджэй Дуда перакананы, што заходнія саюзнікі павінны як мага хутчэй павялічыць вытворчасць боепрыпасаў і іх пастаўку Украіне, бо тых боепрыпасаў, што ёсць у краінах НАТО цяпер, недастаткова.

Фота: euronews.com

«Хачу падкрэсліць, што ў бліжэйшай будучыні Расея зможа вырабляць больш за 2 мільёны артылерыйскіх снарадаў у год. Уся Еўропа разам са Злучанымі Штатамі павінны аб’яднаць высілкі для вытворчасці большай колькасці снарадаў, асабліва артылерыйскіх. Гэта неабходна для нашай бяспекі», – сказаў Дуда.

Паводле польскага лідара, калі НАТО насамрэч хоча атрымаць патэнцыял стрымлівання супраць патэнцыйнага нападу, трэба вырабіць больш за 2 мільёны снарадаў за год.

«Сітуацыя ва Украіне вельмі складаная. У міжнароднай прасторы я ўвесь час паўтараю, што Украіне патрэбна наша дапамога — пастаянная і бясконцая. Цяпер Украіне больш за ўсё патрэбныя боепрыпасы», адзначыў Дуда.

«Цяпер у Еўропе ствараюцца кампаніі па вытворчасці боепрыпасаў, адна з іх – у Румыніі, – распавёў Дуда. – Мы таксама абмяркоўваем гэта на ўзроўні НАТО і ЕЗ. Спадзяюся, вытворчасць павялічыцца. Украіне патрэбная тэрміновая дапамога. На шчасце, нараджаюцца розныя ініцыятывы. Гэта чэшская прапанова, у якую ўносіць свой уклад і Польшча. Мы хочам, каб Украіна атрымала зброю як мага хутчэй».

Анджэй Дуда перакананы, што Расея ўяўляе сабой пагрозу для Еўропы.

«Ёсць прымаўка: «Хочаш міру – рыхтуйся да вайны». Гэта стрымае агрэсара ад патэнцыйнага нападу. Менавіта гэтага я зычу Польшчы, – кажа прэзідэнт Польшчы. – Я таксама заклікаю саюзнікаў па НАТО ўнесці свой уклад у гэтую ідэю. Менавіта таму мы заклікаем да павелічэння расходаў на абарону да 3% ВУП замест папярэдніх 2%».

Паводле Дуды, нарошчванне ваеннага патэнцыялу дасць больш магчымасцяў для стрымлівання і не дазволіць Еўропе стаць ахвярай.

«Наша мэта – не вайна, а яе папярэджанне», – зазначыў Дуда.

« Я даволі цвёрда кажу, што мне ўвогуле цяжка ўявіць такую ​​сітуацыю, каб Літва не атрымала дапамогі ад NATO, у тым ліку ад Польшчы, у выпадку нападу. Я кажу пра ваенную дапамогу. Адным словам, польскае войска прыйдзе абараняць Літву. Іншай сітуацыі ўвогуле не ўяўляю», – заявіў польскі прэзідэнт.