Пуцін сёння, 13 сакавіка, прыме Лукашэнку. Пра гэтую сустрэчу вядома ўжо ад некаторага часу, а напярэдадні агенцтва БЕЛТА падало яе дату і месца – 13 сакавіка ў Крамлі. Чаго чакаць ад гэтага візіту? Каментуе Яна Запольская.

З афіцыйнага паведамлення БЕЛТА традыцыйна нічога не вынікае. Маўляў, кіраўнікі пагавораць сам-насам, а потым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый абмяркуюць супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, інтэграцыйныя справы і абмяняюцца думкамі пра міжнародную сітуацыю. Акрамя таго, па выніках перамоў падпішуць пакет дакументаў.
Пра гэты візіт Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ ў дзень “выбараў” 26 студзеня, адказваючы на пытанне пра яго першы афіцыйны візіт пасля чарговага пераабрання. Куды ж яшчэ яму найперш ехаць, як не ў Маскву. І гэтая паездка адбываецца ў лёсавызначальны час: на фоне вырашэння пытання мірнага пагаднення паміж Украінай і Расеяй. Можна меркаваць, што гэта таксама стане тэмай размовы Лукашэнкі і Пуціна ў тым жа фармаце сам-насам. Пры гэтым 4 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка падпісаў Закон аб ратыфікацыі дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй аб гарантыях бяспекі ў межах Саюзнай дзяржавы. У гэты самы дзень Дзяржаўная дума Расеі дала афіцыйнаму Менску адтэрміноўку па выплаце даўгоў. Гаворка ідзе пра 800 мільёнаў у даляравым эквіваленце, гэтыя выплаты перанеслі на 7-12 гадоў.
Сам жа дакумент аб гарантыях бяспекі выглядае небяспечным для нашай краіны. Сярод іншага, ён дае дазвол Расеі ствараць на беларускай зямлі свае вайсковыя базы ды іншыя аб’екты, размяшчаць расейскія ўзброеныя фармаванні. Нібыта гэта магчыма, каб дапамагчы Беларусі “прадухіляць і адбіваць акты агрэсіі”. Да таго ж, любы ўзброены напад на бакі дамовы будзе разглядацца як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы з усімі наступствамі такога трактавання. Ідзе ў дакуменце гаворка і пра ядзерную зброю, якую зноў жа могуць ужыць у выпадку нейкіх актаў агрэсіі супраць кожнага з бакоў дамовы. Відавочна, падпісаны дакумент пагражае суверэнітэту Беларусі і пагражае самім беларусам быць уцягнутымі ў расейскія так званыя “спецыяльныя аперацыі”. Як пракаментаваў дакумент дарадца Ціханоўскай Анатоль Лябедзька, цяпер “любую незадаволенасць беларусаў праз высокія цэны або несправядлівыя выбары Расея будзе падаўляць сваімі войскамі, абапіраючыся на гэтае самае пагадненне”.
Таксама варта прыгадаць, што беларускі бок і Лукашэнка асабіста заяўляюць пра гатовасць прыняць у сябе мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй. Магчыма, гэта таксама стане тэмай абмеркавання ў Крамлі. Так ці іначай, асабістыя сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ніколі не нясуць нічога добрага для Беларусі. Пры гэтым мы, верагодна, бачым нават толькі верхавіну “гэтага айсбергу”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: rfi.fr.