Нібыта не супраць, але і не “за”. Уладзімір Пуцін напярэдадні сустрэўся ў Маскве з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля чаго адбылася прэсавая канферэнцыя. Сярод галоўных тэм, пра якія казаў кіраўнік Крамля, была магчымасць часовага перамір’я з Украінай. Каментуе Яна Запольская.

Расея пагаджаецца з амерыканскай прапановай спынення баявых дзеянняў, але… Масква зацікаўлена ў трывалым міры. Сама ідэя перамір’я правільная, і Расея яе, безумоўна, падтрымлівае, але… застаецца шмат пытанняў, казаў Пуцін падчас прэсавай канферэнцыі. Сярод гэтых пытанняў, да прыкладу, хто будзе сачыць за выкананнем перамір’я па ўсёй 2000-кіламетровай лініі фронту. Таксама Пуцін заявіў, што перамір’е проста цяпер будзе на карысць Украіне, якая выкарыстае гэты час для мабілізацыі сваіх сіл і для прыцягнення новай заходняй зброі. А ў нас, маўляў, у расейцаў, ёсць поспехі ў Курскай вобласці і з перамір’ем нам няма чаго спяшацца. Паводле Пуціна, расейцы ўзялі пад поўны кантроль Куршчыну, а групоўкі ўкраінскі войскаў трапілі ў акружэнне і ўжо не змогуць выйсці з гэтай тэрыторыі, а таму будуць вымушаныя “або здацца, або памерці”.
Адным словам, Уладзімір Пуцін выказваўся ў сваім стылі і, відавочна, робіць усё, каб выцягнуць з гэтай сітуацыі як мага больш карысці для сябе. Варта адзначыць, што Пуцін асабіста наведаў Курскую вобласць, хоць некаторыя мяркуюць, што гэта быў яго двайнік, і быў апрануты ў вайсковую ўніформу, што не вельмі для яго характэрна. Паводле экспертаў, гэта своеасаблівае пасланне, што ён гатовы да далейшых жорсткіх дзеянняў, і традыцыйны пасыл электарату, маўляў прыехаў Пуцін – супергерой і ўсе пытанні “парашаў”.
Адкрытым застаецца пытанне, а чаго насамрэч цяпер хоча Пуцін. З неафіцыйных інфармацый, якія трапляюць у замежныя СМІ з уласных крыніц, вынікае, што насамрэч жаданняў у Пуціна даволі шмат. Паводле агенцтва Reuters, Расея ўжо прадставіла Злучаным Штатам свае патрабаванні, датычныя меркаванага часовага перамір’я. Сярод гэтых патрабаванняў называецца поўнае выключэнне магчымасці ўступлення Украіны ў НАТА і забарона на размяшчэнне заходніх войскаў на ўкраінскай тэрыторыі. Таксама Расея хоча прызнання міжнароднай супольнасцю захопу Крыму і Херсонскай, Запарожскай, Данецкай, Луганскай абласцей.
Дональд Трамп у Авальным Кабінеце пракаментаваў словы Пуціна, сказаныя падчас прэсавай канферэнцыі, зазначыўшы, што “Пуцін зрабіў шматабяцаючую заяву, хоць і не поўную”. Трамп дадаў, што “з задавальненнем хацеў бы сустрэцца з Пуціным і пагаварыць з ім”. Аднак калі Пуцін працягвае настойваць на сваіх патрабаваннях, паўстае пытанне, як далёка гатовы зайсці Дональд Трамп.
Беларускае Радыё Рацыя.






