BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Пытанне Беларусі павінна быць часткай усіх перамоў пра бяспеку ў рэгіёне»

Лідарка дэмакратычнае Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла на панэльнай дыскусіі «Беларусь у цэнтры ўвагі» на Мюнхэнскай канферэнцыі па бяспецы.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, сенатар ЗША Пітэр Уэлч і дырэктарка Цэнтра ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў Гвэндолін Засэ.

У сваёй прамове Ціханоўская назвала ключавыя прыярытэты міжнароднай палітыкі датычна да Беларусі, якія павінны грунтавацца на вызваленні палітвязьняў без легітымізацыі рэжыму, падтрымцы беларусаў у выгнанні, а таксама з улікам рызыкі страты суверэнітэту праз вайсковую інтэграцыю з Расеяй. «Кожнае вызваленьне ратуе жыцьцё, але гуманітарныя вынікі нельга блытаць з палітычнай „нармалізацыяй“. Ужо вызвалена каля 300 чалавек, але прынамсі тысяча ўсё яшчэ застаецца за кратамі, і рэпрэсіўная машына працягвае працаваць: замест вызваленых людзей затрымліваюць новых. Гуманітарныя крокі не павінны азначаць прызнанне рэжыму», адзанчыла яна. Ціханоўская падкрэсліла, што беларусам, якія апынуліся за мяжой праз палітычны пераслед, патрэбная дапамога — стабільны прававы статус, дакументы для падарожжаў, доступ да адукацыі, працы і банкаўскіх паслуг.

Палітык таксама дадала, што суверэнітэт Беларусі застаецца пад пагрозай праз вайсковую інтэграцыю з Расеяй. «Пытанне Беларусі павінна быць часткай усіх перамоваў пра бяспеку ў рэгіёне», — адзначыла яна.