18 лістапада 2025 года арганізацыя Respect-Protect-Fulfil паведамляе, што Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях (РГАЗ) вынесла рашэнне па справе беларускай палітычнай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк. На пасяджэнні, якое прайшло 25–29 жніўня 2025 года, эксперты прызналі пазбаўленне волі Паліны адвольным і такім, што супярэчыць міжнародным нормам у галіне правоў чалавека.

У сваім рашэнні Рабочая група падкрэсліла, што Шарэнда-Панасюк была пазбаўленая волі за ажыццяўленне права на свабоду выказвання. Актывістку асудзілі паводле артыкулаў 368 і 369 Крымінальнага кодэкса нібыта за абразу міліцыі і прэзідэнта. РГАЗ адзначыла, што выказванні, нават калі яны непрыемныя для ўладаў, абароненыя артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — асабліва ў кантэксце паведамленняў пра парушэнні правоў і грамадзянскую рэакцыю на несправядлівасць.
Эксперты таксама згадзіліся з меркаваннем Спецыяльнай дакладчыцы ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая заклікала беларускія ўлады адмяніць артыкулы 368 і 369.
Рабочая група зафіксавала сур’ёзныя парушэнні права на справядлівы суд падчас працэсаў над Палінай. Сярод іх — неабгрунтаванае закрыццё пасяджэнняў, утрыманне падсуднай у клетцы, а таксама агульная залежнасць судовай сістэмы ад выканаўчай улады. У дакуменце адзначаецца, што ў Беларусі адсутнічае незалежны суд, а суддзі праводзяць «абвінаваўчыя працэсы», парушаючы прэзумпцыю невінаватасці і права на адваката.
Асобную ўвагу РГАЗ надала практыцы прымянення артыкула 411 КК РБ, які выкарыстоўваецца для неабмежаванага падаўжэння зняволення. Устаноўлена, што «сістэматычнае дадаванне новых абвінавачанняў, каб не дапусціць вызвалення Шарэнды-Панасюк», з’яўляецца механізмам «круцільнай дзверы» і супярэчыць міжнародным стандартам.
Рабочая група адзначыла, што справа Паліны разам з іншымі выпадкамі адвольных затрыманняў можа сведчыць пра шырока распаўсюджаную або сістэматычную практыку адвольнага пазбаўлення волі ў Беларусі. Такія дзеянні, як падкрэслілі эксперты, могуць адпавядаць крытэрам злачынстваў супраць чалавечнасці.
РГАЗ заклікала беларускія ўлады неадкладна аднавіць правы Паліны Шарэнды-Панасюк, забяспечыць поўную кампенсацыю нанесенай шкоды, правесці расследаванне і прыцягнуць да адказнасці асобаў, вінаватых у парушэнні яе правоў.
Respect-Protect-Fulfil — беларуская праваабарончая арганізацыя, якая працуе ў Літве і займаецца прасоўваннем правоў чалавека праз стратэгічныя судовыя працэсы і ўзаемадзеянне з міжнароднымі інстытутамі.





