
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай у адказ на дыскусію, распачатую некаторымі літоўскімі палітыкамі, адносна права беларусаў выкарыстоўваць герб «Пагоня». Як адзначаецца ў заяве, «Пагоня» з’яўляецца нацыянальным гербам беларускага народа, які быў дзяржаўным сімвалам БНР і Рэспублікі Беларусь да 1995 года. У Радзе БНР падкрэсліваюць, што спробы абмежаваць выкарыстанне герба беларусамі выглядаюць як дыскрымінацыя і адмаўленне права на самавызначэнне. Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што не бачыць праблемы ў выкарыстанні «Пагоні» ў дызайне «пашпарта новай Беларусі», аднак у Сейме Літвы пытанне ўсё ж было вынесена на абмеркаванне. У Радзе БНР нагадалі пра супольную гісторыю Беларусі і Літвы і заклікалі да ўзважаных ацэнак.
Беларускае Радыё Рацыя






