BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рада БНР віншуе беларусаў з 33-й гадавінай абвяшчэння незалежнасці

Рада БНР у сваёй заяве віншуе ўсіх беларусаў з гадавінай абвяшчэння Незалежнасці Беларусі і падкрэслівае, што 25 жніўня 1991 году “не было выпадковасцю ў нашай нацыянальнай гісторыі”, але стала вынікам змагання паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, асветнікаў “Нашай Нівы”, заснавальнікаў БНР, якія 25 сакавіка 1918 году абвясцілі незалежнасць роднага краю, удзельнікаў Слуцкага ды іншых антыбальшавіцкіх паўстанняў, ахвяраў чэкісцкіх рэпрэсій, а таксама “усіх тых, у каго прыгнёт камуністычнай імперыі не здолеў знішчыць памкненне да волі”.

“Але імперыя пакуль не сканала. Яна катуе беларусаў у лукашэнкаўскіх турмах, імкнецца знішчыць Украіну, пагражае ўсяму свету ядзерным апакаліпсісам.

І ў гэты час трымае нас вера ў нашую праўду, якая асвечаная крывёю продкаў ды мужнасцю сённяшніх вязняў прамаскоўскага рэжыму — тых, якія плацяць за будучыню свайго народа ўласнай свабодай.

Беларусь будзе жыць — калі, як сказаў наш нацыянальны геній Васіль Быкаў, 100-годдзе якога мы сёлета адзначаем, „не скорыцца чужой сіле, яшчэ разгорне свой жыццёвы патэнцыял і здзейсніць на Боскай зямлі сваю людскую місію”, — падкрэсліваецца ў заяве Рады БНР.