«Гаворка ідзе пра тое, каб разбураць Еўразвяз знутры». Так міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментаваў міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.

«Расея і Беларусь дастаўляюць мігрантаў да мяжы і выштурхоўваюць іх у Еўразвяз, каб выкарыстаць страх перад імі для ўзмацнення ўльтраправых партый, і такім чынам праз палітычны працэс разбурыць Еўразвяз знутры. Мы гэтага не дапусцім», падкрэсліў міністр, які ў чацвер наведваў з візітам Румынію і адказаў на пытанні журналістаў.
Ён адзначыў, што «пасля перыяду зацішша» колькасць спроб перасячэння польска-беларускай мяжы вырасла да некалькіх сотняў у дзень. Прыгадаем, што ў Польшчы ўступіла ў сілу пастанова, якая забараняе мігрантам на мяжы падаваць хадайніцтвы аб міжнароднай абароне. Пакуль забарона ўведзена на 60 дзён, але з магчымасцю яе далейшага працягнення.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: PAP






